Вы читаете книгу «Непераможны злом» онлайн
Віктар Праўдзін
непераможны злом
Раман
Літаратурна-мастацкае
электроннае выданне
Мінск
«Мон літара»
2025
УДК 821.161.1(476)-1
ББК 84(4Беи=Рус)-5
У рамане «Непераможны злом» Віктар Праўдзін, абапіраючыся на ўжо вядомую гістарычную трагедыю (кнігу «Што Бог пашле, тое і буду цярпець», выдадзеную пад кіраўніцтвам Праасвяшчэннага Ігнація, епіскапа Полацкага і Глыбоцкага), прапаноўвае чытачам мастацкую версію жыцця і заўчаснай смерці ў 1919 годзе іерэя Канстанціна Жданава, настаяцеля Свята-Успенскага храма, што ў Шаркаўшчыне.
ISBN 978-985-7278-44-2 © Праўдзін В. А., 2025
© Афармленне. ТАА «Мон літара», 2025
Частка першая.
Час ракавы
Воля мая свабодная амаль
толькі ў адным абранні дабра
і зла; у іншых адносінах яна
адгароджана адусюль.
Свяціцель Ігнацій Бранчанінаў
1919 г.
Другога красавіка,
серада
Старшыня выканкама Дзісенскага павета Мікалай Ляскоўскі – чалавек малады, трохі вышэйшы ад сярэдняга росту, хударлявы, пры кепскім асвятленні нават худасочны, з блізка пасаджанымі круглымі недаверлівымі вочкамі на бледным твары. Два дні таму ён адзначыў дзень нараджэння, перакуліла на дваццаць дзявяты год, і, каб надаць сабе большую самавітасць і важнасць, што, па яго разуменні, найперш павінна адпавядаць займанай высокай пасадзе, насіў рэдкія віслыя вусы меднага колеру і гэткага ж тону невялікую казліную бародку, якую пастаянна церабіў. Яму здавалася, што, заціскаючы бародку ў кулак, ён быў больш падобны да чалавека ў сабе ўпэўненага, удумлівага, строгага.
На стале каля масіўнай чарніліцы ўжо тыдзень ляжаць акуляры з круглымі шкельцамі, і служака дзеля большай важнасці калі-нікалі нацягвае іх на дзюбасты нос, каб строгім халодным выглядам калі не прыструніць, то ўпэўніць чарговага наведвальніка ў сваёй начальніцкай здольнасці вырашаць праблемныя задачы і, галоўнае, паказаць сваю прыналежнасць да камуністычнай высокаідэйнай наменклатуры.
Акуляры яму не патрэбныя, глядзіць праз іх – і бачыць агульны абрыс чалавека, усё наўкол у мутным вязкім тумане, але Ляскоўскі ад свайго ніколі не адступіцца, ён перакананы: знешні выгляд начальніка, няхай сабе напускны і няшчыры, павінен калі не наганяць страх, то хоць бы ствараць паўнацэннае ўражанне ваяўнічай строгасці.
Гэткі вобраз ён змаляваў з таварыша Троцкага, якога ў лістападзе 1917 года бачыў і слухаў на мітынгу ў Петраградзе, і менавіта круглыя бліскучыя шкельцы акуляраў больш за ўсё ўсхвалявалі хлопца з глухой вёскі Капуста, што пад Віцебскам. Ён стаяў далекавата, крыклівыя вострыя словы зрэдку даляталі з парывамі зябкага ветру, а вось шкельцы акуляраў на ўсхвалявана-агрэсіўным твары прамоўцы здаваліся жывымі. У скупых праменях вечаровага заходзячага сонца яны палыхалі дрыготкім фіялетавым агнём, і гэты ўзбуджаны задзірысты агонь у нейкі момант нечаканым трапяткім холадам запоўз у душу, няўцямнымі, хвалюючымі дрыжыкамі працяў застылае цела, выклікаў даўно забытую статутную неабходнасць падпарадкавання.
Ляскоўскі да таго дня лічыў сябе анархістам і яшчэ ў 1915 годзе, падчас сусветнай вайны і службы ў царскай арміі, прыняў удзел у вайсковым бунце, каб потым са сваімі аднадумцамі пакінуць перадавую і напоўніцу хапануць абяцанай агітатарамі вольніцы на поўдні Расіі. Пабываў у Адэсе, нават на нейкі час прымкнуў да банды Мішкі Япончыка, але верхавод налётчыкаў патрабаваў ад хаўруснікаў не фармальнай дысцыпліны, ён дабіваўся жалезнага, безагаворачнага падпарадкавання. На той час нават асцярожны намёк на любую дысцыпліну, хоць бандыцкую, хоць рэвалюцыйную, выклікаў у душы анархіста Мыколы агрэсію і нястрымнае жаданне пужнуць, а то і пульнуць у чарговага агітатара з маўзера, які зняў з забітага ім афіцэра.
На пачатку 1917 года сярод анархістаў пайшла пагалоска, што ў Петраградзе хутка пачнецца дзяльба награбленага буржуямі, і, каб не аказацца ля разбітага карыта, Ляскоўскі кінуўся ў сталіцу. З разбойнай практыкі ведаў: хто першы, таму і дастанецца вялікі куш. Так апынуўся на плошчы, слухаў Троцкага, і раптам найшло прасвятленне, хтосьці нябачны быццам прашаптаў у самае вуха, што чалавек у акулярах персанальна яму, Мікалаю Антонавічу Ляскоўскаму, дае магчымасць жалезнай рукой дабываць сабе шчасце.
«Гэта знак зверху!..» – так ахарактарызаваў дэзерцір нахлынулыя пачуцці і канчаткова сам сябе «дэмабілізаваў», а дакладней, перастаў баяцца, што ваенны трыбунал прыцягне да адказнасці за дэзерцірства. Зрэшты, Троцкі забараняў ваяваць, і гэта выклікала палымянае, шматгалосае «ўра-а-а-а!..». З яго слоў, што праціналі душу і думкі, уцяміў галоўнае: настае час, калі канфіскоўваць буржуйскае дабро стане законным правам кожнага, хто прымкне да бальшавікоў. І Ляскоўскі зрабіў свой выбар.
У Дзісне аб’явіўся адразу пасля вызвалення горада ад немцаў. У кішэні меў партыйны білет камуніста і, на ўсялякі выпадак, мандат на прад’яўніка на ўстанаўленне ў горадзе савецкай улады. Білет быў сапраўдны, а мандат – ліпавы. Мінскі знаёмец, гадзіннікавых спраў майстар, цюцелька ў цюцельку змаляваў з сапраўднага, прабітага куляй і запэцканага крывёй. Гэты дакумент разам з падсумкам дастаўся Ляскоўскаму выпадкова і некалі належаў камісару, які ў тым вагоне, што і ён, ехаў з Петраграда ў Мінск. Па дарозе на цягнік напалі бандыты, камісару б сцішыцца, перацярпець абразлівыя паводзіны налётчыкаў, аддаць сярэбраны партсігар, дык не, завязаў перастрэлку і загінуў. Партсігар забралі налётчыкі, а мандат, быццам абярэг, аказаўся ў Ляскоўскага. Заставалася дачакацца зручнага моманту і ўпісаць у дакумент свае прозвішча і месца, дзе можа аказацца ён, уладальнік важнай паперы. Камісара Ляскоўскага самаахвярная трагічная гісторыя ні кропелькі не хвалявала, прывык – апошнія гады смерць заўсёды побач была.
Ён мог абысціся і без мандата, тым больш што для дасягнення пастаўленай зманлівай мэты ў час поўнай блытаніны, безуладдзя і росту злачыннасці дастаткова быць камуністам. Ён бачыў, як у Петраградзе, Маскве і іншых вялікіх гарадах Расіі маланкава вырасталі на пасадах простыя людзі і, адпаведна камуністычнаму бравурнаму гімну, «…хто быў нічым…», станавіліся «ЎСІМ».
Ідэя абяцанага рэвалюцыйным гімнам дармавога і заможнага жыцця балючай стрэмкай упілася ў лёкайскую душу, сквапную да чужога і гатовую на ўсё, каб жыць у дабрабыце, а яшчэ, да дрыжыкаў у каленках, яму вельмі карцела быць падобным да Троцкага, хацелася кіраваць людзьмі. Навязлівае жаданне зрабілася мэтай жыцця, запаветнай марай: няважна дзе, хоць у захалусным горадзе, але стаць для мясцовых людзей тым самым «УСІМ»… Галоўнае, утрымацца, не вываліцца з партыйнай абоймы.
Адукацыю, як многія кіраўнікі і таварышы па партыі, меў пачатковую, скончыў два класы царкоўна-прыходскай школы. Заўважыў, што больш высокія начальніцкія пасады пераважна займалі рабочыя з партыйным стажам, былыя недавучаныя студэнты – пасады па спецыяльнасці, а палітычныя зняволеныя падчас царскага рэжыму лічыліся самымі падрыхтаванымі кіраўнікамі, канкурэнтаў ім не было. У нейкі момант Ляскоўскі нават падумваў саштукаваць фальшывую паперку, што сядзеў у турме, але спыніў страх за магчымыя наступствы, бо ніколі гэткага дакумента і ў вочы не бачыў. Нечакана для яго самога праявіліся арганізатарскія здольнасці. На адным з мітынгаў вылез на трыбуну, звычайны лафет пушкі, і, памятаючы агрэсіўную, крыклівую гарачнасць Троцкага, паспрабаваў што-нішто паўтарыць нават у жэстах і на людзях паказаць сябе перакананым рэвалюцыянерам. На памяць не скардзіўся, чутыя і асабліва прачытаныя бальшавіцкія пракламацыі прамаўляў без запінкі, і яго заўважылі, пачалі ўключаць у розныя рэвалюцыйныя камітэты. Набытае ў ліхадзейскіх прыгодах ненасытнае воўчае чуццё да чужога дабра і на гэты раз не падвяло. У няпросты, лічы, лёсавызначальны, момант жыцця паказная вера ў рэвалюцыю выйшла на першае месца, адкрываліся магчымасці хуткага і беспакаранага ўзбагачэння.
Ляскоўскі, між іншым, пры ўсеагульным беззаконні і ўсёдазволенасці не здрадзіў прыроджанай асцярожнасці. І раней ніколі не пароў гарачку, нават у бандзе Мішкі Япончыка, калі даводзілася рабаваць заможных людзей, цягнікі, параходы… У Адэсе было і гэткае… Ён заўсёды да дробязяў прадумваў асабісты ўдзел у кожным налёце, яму было важна ведаць магчымыя шляхі адыходу, а то і ўцёкаў. Ніколі не быў ні ў першых шарэнгах нападнікаў, ні ў апошніх, таму заставаўся жывы і каля здабычы, як правіла, аказваўся першы.
Назіральнасць, хітрасць, кемлівасць і пакутліва-містычнае жаданне стаць кіраўніком (якраз гэта і адпавядала галоўнай мэце – выбіцца ў людзі) у нейкі момант прымусілі Ляскоўскага задумацца: што з ім стане, калі скончыцца вайна, а разам з ёй згіне і безуладдзе, магчыма, бальшавікі з барацьбы выйдуць пераможцамі? Калі камуністы прайграюць, то на гэты выпадак іншага выйсця не бачыў, як знікнуць разам са сваім «залатым» шынялём, растварыцца на вялікіх прасторах Расіі, і не толькі… Не выключаў магчымасці шухнуць за граніцу. На першае хвалюючае пытанне адказаў камісар, той самы, што загінуў у цягніку ад бандыцкай кулі.
Падчас нядоўгай, але запамінальнай размовы Васілій (так пры знаёмстве адрэкамендаваўся камісар) цвёрда, як здзейснены факт, прыўзнята маляваў пасляваенную фантастычную будучыню ў новым камуністычным грамадстве, будучыню без цароў, капіталістаў, памешчыкаў… У вачах камісара быццам маланкі скакалі, калі прамаўляў палымяныя пераможныя словы:
Мы, бальшавікі, змагаемся за здзяйсненне галоўнага прынцыпу справядлівасці: братэрства і роўнасці ўсіх людзей!.. Пры камунізме збудзецца векавечная мара ўсяго чалавецтва, і планета Зямля кожнаму чалавеку пры жыцці стане раем! Пра гэта сведчыць найгалоўнейшы бальшавіцкі лозунг: «Кожнаму – па патрэбнасці, ад кожнага – па здольнасці!..»
Пасля чутага Ляскоўскі недаверліва перасмыкнуў плячамі, усміхнуўся і, быццам між іншым, запытаўся:
– Хто ж тую светлую будучыню будаваць будзе?
Бальшавік выцягнуў са сваёй паклажы некалькі тоўстых кніг, прамовіў:
– Мы і будзем! – камісар убачыў у вачах суразмоўцы недавер і праз раскацісты смех сіпла выдыхнуў: – Будзем, бо іншага выйсця для нас, бальшавікоў, няма… Хто вучыцца, той угору ідзе… Рабочыя і сяляне таксама будуць вучыцца ў інстытутах і ўніверсітэтах… Мы вывучымся і, назло буржуям і памешчыкам, пабудуем новую дзяржаву! За нас гэтага ніхто не зробіць!..
Словы камісара запалі ў душу, і Мікалай вельмі шкадаваў, што адзін з бандытаў, калі калашмаціў рэчы забітага камісара, натрапіў на тыя важныя бальшавіцкія кнігі. На вокладцы адной з іх толькі і паспеў прачытаць: «Карл Маркс». Бандыт, узважваючы, падкінуў іх у руках, падміргнуў Ляскоўскаму, які ўсё яшчэ стаяў з выцягнутымі ўгору рукамі, гукнуў нябачнаму за спінай хаўрусніку:
– Пятрок, во пашэнціла дык пашэнціла! Пусцім на самакруткі іхні «Капітал»… Нашаму атраду паперы на цэлы год хопіць…
Яго рэчы таксама перагледзелі, але ж не зусім ён дурань, каб трымаць навідавоку залатыя манеты і каштоўныя пярсцёнкі, што прыхаваў з рабункаў. Ён, налётчык з мянушкай Мыкола, хаўруснік самога Мішкі Япончыка, надзейна зашыў у падкладку шыняля здабыты скарб і нават пад пагрозай расстрэлу не здолеў бы яго аддаць. Ляскоўскі на ўсё жыццё запомніў тыя незабыўныя, жудасныя хвіліны, калі стаяў пад дулам вінтоўкі, і для сябе беспаваротна вырашыў: калі і ляжаць мерцвяком побач з камісарам, то ляжаць у золаце і быць пахаваным у рваным шынялі, на які не спакусіцца нават магільшчык.
Ляскоўскі пацёрся ў Петраградзе сярод бальшавікоў і ўступіў у партыю. Услед за Троцкім пацягнуўся ў Маскву, потым зноў вярнуўся ў Піцер, а калі дачуўся, што ў лютым 1919 года стварылася Літоўска-Беларуская Савецкая Рэспубліка, шухнуў у родную старонку. І не памыліўся!
Калі першы раз завітаў на партыйны сход мясцовых камуністаў, расказаў пра сябе, канешне, апусціў рабаванні падчас анархічнай вольніцы, і, як толькі намякнуў на піцерскае знаёмства з таварышам Троцкім, яго тут жа абралі старшынёй выканкама Дзісенскага павета. Ліпавы мандат не спатрэбіўся, Ляскоўскі прыхаваў паперу да лепшых, а магчыма, і да горшых часоў.
І вось ён, старшыня выканкама, самы галоўны чалавек у Дзісне і павеце, смаліць папяроску і ўважліва назірае з акна свайго халаднаватага кабінета, як на будынку насупраць, у якім месціліся міліцыя і чэкісты, падначаленыя яму работнікі прыладжваюць рэвалюцыйны плакат. На адзінаццаці аршынах рудой пакамечанай матэрыі вялікія літары красамоўна абвяшчалі рэвалюцыйны лозунг: «Жалезнай рукой загонім чалавецтва ў шчасце!»
Плакат-заклік – адказ вышэйшаму начальству на загад праводзіць палітычную вучобу сярод мясцовага насельніцтва. Ляскоўскі настрашаны строгай партыйнай дысцыплінай, але патрабаванне аб вучобе ўспрыняў як цынічную, нават жартаўлівую насмешку з займанай пасады і, канешне ж, з сябе.
Ён хоць і малады, але бывалы, поўны сілы і жадання весці людзей у светлую будучыню. Але нешта яму падказвае, што людзі зусім не хочуць дагэтуль нікім нязведанага шчасця, лічаць летуценнымі мроямі яго шматслоўныя палымяныя прамовы пра заводы, зямлю, лясы, што цяпер належаць рабочым і сялянам, пра хуткае райскае жыццё. Калі гаворыць з гараджанамі, яны слухаюць і маўчаць, быццам не чуюць. Пытанняў не задаюць, у вочы не глядзяць, а калі і зірнуць, то з недаверам. Мужчыны смаляць смярдзючыя самакруткі, танны тытунь нават яму, курцу з даўнім стажам, дзярэ горла і слязіць вочы. Жанчыны зусім не падыходзяць, камуністаў баяцца і, калі гаспадара няма дома, у хату не пусцяць, хоць дзверы выбівай, што часцяком і даводзіцца рабіць.
Зусім іншая справа – калегі камуністы. Яны на шматлікіх сходках за кожным яго словам пляскаюць… Не, з усёй моцы б’юць у ладкі, вочы агнём гараць, партыйцы вераць у камуністычную будучыню і, што самае важнае, дзейнічаюць, змагаюцца за лепшае жыццё.
Ляскоўскі, смалячы папяросу з доўгім наканечнікам (папяросы – канфіскат, некалькі скрынь экспрапрыіравалі ў мясцовага купчыка на «патрэбы фронту») і баронячыся ад віхлястага, едкага дыму, прыжмурвае то адно вока, то другое. Наваспечаны кіраўнік ацэньвае працу падначаленых, што прыладжваюць плакат. На душы неспакойна, мо соты раз ён чытае, шэпча заклік на плакаце, а ў думках упарты пратэст: «Жыхароў у горадзе больш за дзевяць тысяч, і я не поп, каб байкі на пропаведзях гарлапаніць пра хуткае райскае жыццё без паноў і капіталістаў. Ды яшчэ ў прыфрантавой зоне… Якая можа быць прапаганда савецкай улады, калі наўкол ворагі, і не толькі на перадавой, куды ў самы сціслы тэрмін ён павінен мабілізаваць сто чалавек? Але ж дзе людзей узяць? Іх не намалюеш, добраахвотнікаў днём з агнём не адшукаеш, няма ахвочых ваяваць, давядзецца бальшавікамі дзірку затыкаць. Канешне, загад будзе выкананы, толькі з кім застанецца ён, калі ўсе надзейныя камуністы сыдуць? Партыйцы яшчэ пры дысцыпліне, яго слова для іх – закон!.. Бывае, каторы заўпарціцца ці, што яшчэ горш, засумняваецца ў генеральнай лініі партыі… З такім выхад адзін – партыйны білет на стол, а прычэпам ліквідуюцца і прывілеі: штотыднёвы паёк, бязмежная ўлада, перспектыва заможнага жыцця, і ў фінішы – турма. Па-іншаму нельга, на фронце ворага здалёк відаць, а свайго, здараецца, што і суседа, як убачыш? Калегі не спяць, тут, у прыфрантавым тыле, суткамі ворагаў народа выяўляюць і яму, старшыні Дзісенскага павета, любую дапамогу гатовы аказаць.
Хоць бы ўзяць Маляўку, кіраўніка шаркаўшчынскіх камуністаў… Толькі заікнуўся, што рэвалюцыі матэрыя патрэбна – ён цэлы рулон з даважкам і прытарабаніў. Тканіна шыкоўная, дарэвалюцыйная і… нейкі час можа паляжаць. Прапаганда прапагандай, але не па-гаспадарску ў красавіцкую, яшчэ снежна-дажджлівую непагадзь дабро нішчыць. Праз тыдзень матэрыял у скукожаную анучу ператворыцца, а як на фронце паспакайнее, ён палову бацькам адвязе, няхай родныя парадуюцца, а другую пафарбуе ў ярка-сіні колер, як Роза любіць… Дзяўчына сукенак нашые, ды і яму гарнітур не перашкодзіў бы. Усё ж не з рукі гарадскому галаве з маўзерам на баку вяселле спраўляць. Зрэшты, і кравец свой – бацька Розы, і некалькі залатых манет, даважак ад Маляўкі, вельмі да месца…»
Роза Цымбальская – нявеста Ляскоўскага. Прыязнасць між імі ўзнікла з першага погляду, а дакладней, як толькі ён у суправаджэнні ахоўнікаў пераступіў парог ніштаватага дома, пабудаванага з чырвонай цэглы, дома, які быў заўсёды няздзейсненай марай вясковай беднаты.
Да гэтага малады старшыня выканкама ў суправаджэнні чатырох чырвонаармейцаў, бадзёра чаканячы кожны крок, доўга шпацыраваў па галоўных брукаваных вуліцах Дзісны, прыдзірліва выбіраў месца часовага прытулку. Не толькі шукаў месца для пражывання, у першую чаргу паказваў і прадстаўляў мясцоваму люду сябе, новага гаспадара горада.
Праходзячы па вуліцах, бачыў, як пакалыхваліся фіранкі на вокнах, бачыў і задаволена пасміхаўся, упершыню ў жыцці напоўніцу цешыў свае самалюбства. А як жа?.. За ім назірала не адна пара вачэй, за ім сачылі, яго вывучалі, абмяркоўвалі, аб ім гаманілі, і, пэўна ж, кожны гаспадар строіў нейкія планы, на нешта спадзяваўся… Ён цяпер – галава!.. І ад гэтага гонар распіраў грудзі: нарэшце ён на першых ролях, значыцца, людзі разумеюць, якога рангу чалавек шпацыруе па вуліцах у атачэнні ўзброенай аховы. Ён – новая ўлада, і цяпер ад яго, Ляскоўскага, залежыць жыццё горада, а для большасці – і дабрабыт. Не для ўсіх, канешне… Ляскоўскі менавіта гэтага і дабіваўся, а тое, што ніхто не паказаўся на вочы, дабаўляла яшчэ большай пыхлівай важнасці, па сабе ацэньваў людзей. Яго плечы, некалі бітыя афіцэрскай нагайкай, час ад часу пераканаўча свярбелі, нагадвалі, што начальства трэба баяцца і слухацца… Праз боязь стануць паважаць, а хто не захоча – таго ён прымусіць, як некалі прымусілі і яго выконваць загады.
Нечакана ў вялікім акне з прыгожымі разнымі аканіцамі ўбачыў чарнявую маладзіцу. Дзяўчына смела, нават з выклікам, зірнула яму ў вочы, гуллівая ўсмешка кранула вусны, і прыгажуня няспешна, быццам нехаця, прыкрыла фіранку. Для Ляскоўскага праблема з прыстанкам была вырашана… Але не адразу яго прывецілі ў якасці жаніха. Неяк бацька Розы запытаўся: «Кватарант жанаты ці халасты?.. – пачуўшы, што халасты, задаволена крактануў, падміргнуў, зазначыў: – Бахурым1, і гэта вельмі, вельмі добра…»
Ляскоўскі нават не здагадваўся, што будучы цесць браў дазвол на шлюб дачкі ў самога рабіна. Пачуўшы просьбу, рабін падумаў, сказаў: «Падобна, да царскага рэжыму Расія ў бліжэйшыя часы не вернецца, і народу нашаму, спадзяюся, прынцып аталахі будзе толькі на карысць. Адпаведна яму, дзеці, народжаныя ў гэткіх шлюбах, лічацца, як маці, яўрэямі. Вось і няхай незамужнія жанчыны і дзяўчаты бяруць шлюб з начальнікамі ды камісарамі. Не цяпер, дык потым усім нам паслабленне будзе».
Развагі і ўспаміны старшыні перапыніў прыглушаны крык з вуліцы. Убачыў Франца Харэвіча, начальніка міліцыі павета, які з-за недахопу кадраў адначасова выконваў абавязкі чэкіста. Харэвіч выглядаў узбуджаным, выкрыкваў палкія, брудныя пагрозы, махаў кароткімі рукамі, загадваў зняць з будынка плакат, які на другім паверсе напалову прыкрыў вокны яго кабінета.
Чэкіст рассмяшыў. Ляскоўскі чакаў падобнай рэакцыі служакі, але ж не настолькі агрэсіўнай. Ён наўмысна загадаў мацаваць матэрыю да сцяны так, каб словы «загонім чалавецтва ў шчасце» аказаліся на вокнах начальніка міліцыі. Прытоеным, нават помслівым рашэннем Ляскоўскі каторы раз сіліўся не толькі нагадаць, але паказаць чэкістам і мшщыянерам, хто ў горадзе гаспадар. Ён быў перакананы, што задача Харэвіча – вышукваць бандытаў і ворагаў савецкай улады, а не торкаць свой нос у гаспадарскія пытанні – вотчыну старшыні выканкама.
Калі месца ў турме не хапае, не турэмныя казематы вінаватыя, прызначаныя на невялікую колькасць сядзельцаў. Ляскоўскі на ўсіх пасяджэннях адстойваў свой пункт погляду, вінаваціў чэкістаў, міліцыю, следчых, што турэмныя камеры перапоўненыя: гэта яны следства зацягваюць, не выконваюць загады цэнтра. Пастаянна нагадваў, што кіраўнікі новай дзяржавы патрабуюць, каб на месцах не цырымоніліся з ворагамі рэвалюцыі, а Харэвічу хоць намалюй, а турму новую падай.
– Ляскоўскі, што ты сабе дазваляеш? Няўжо месца іншага не знайшоў для свайго… – з парога гукнуў Харэвіч, убачыў наструненае цела гаспадара кабінета і змоўк, спатыкнуўся на паўслове…
Ведаў: Ляскоўскі не праміне з-за аднаго нядбайна, а то і легкадумна кінутага ў гарачцы неасцярожнага слоўца раздзьмуць з мухі слана, выказаць недавер і тут жа, спасылаючыся на прыфрантавую зону, давесці справу да разгляду на партыйным сходзе.
– Нашага, таварыш Харэвіч, нашага рэвалюцыйнага лозунга, – не дачакаўшыся хоць бы абразлівага намёку на рэвалюцыйны заклік, незадаволена ўпікнуў чэкіста Ляскоўскі і, свідруючы міліцыянера злым позіркам, дадаў: – Жалезная рука – гэта ж пра чэкістаў і міліцыю… Значыцца, плакат прымацаваны правільна…
– І пра ўсіх камуністаў Дзісенскага павета, – Харэвіч імгненна перавёў размову ў іншае рэчышча.
– Згодзен, – больш міралюбна ўсміхнуўся Ляскоўскі, прыгадаў некалькі слоў з дэпешы аб мабілізацыі, атрыманай напярэдадні з Віцебскага губернскага выканкама, узвышана дадаў: – Рэвалюцыя даверыла нам вялікую і ганаровую справу…
– Згодзен, але плакат варты месца больш пачэснага, чым будынак ЧК і міліцыі, ён павінен вісець, каб, адкуль ні глянь, і бачыўся, і чытаўся.
– Няхай будзе па-твойму, – не адразу пагадзіўся Ляскоўскі.
Па нядаўна набытай звычцы ён, абдумваючы сітуацыю, зацерабіў бародку, пацягнуўся па акуляры, але, убачыўшы на твары Харэвіча з’едлівую ўсмешку, успомніў, што некалькі дзён таму быў запрошаны на гулянку, дзе чэкісты «абмывалі» ўдала праведзеную аперацыю па экспрапрыяцыі. Пасля некалькіх чарак гарэлкі ён расслабіўся і не сцярпеў, раскрыў Францу сакрэт, дзеля чаго абзавёўся шкельцамі. Напамін прымусіў вымушана ўсміхнуцца, сесці ў крэсла, ліслівым голасам прапанаваць:
– Франц, калі хочаш, каб плакат быў прыладжаны ў іншым месцы, зрабі, як паложана па інструкцыі: падай заяўку ў выканкам. Спярша пахвалі, маўляў, лозунг своечасовы і вельмі патрэбны… Потым выкажы незадавальненне кепскім асвятленнем кабінетаў. Напішы пра электрастанцыі, разрабаваныя немцамі падчас акупацыі… Згадай факт вывазу германцамі абсталявання: лепшае забралі, што не змаглі – пашкодзілі… Напішы пра малы дзень, што газа ў вялікім дэфіцыце… А яшчэ гараджан згадай: маўляў, дапытваецца народ, каму належыць «жалезная рука», пра якую гэтак яскрава сказана на плакаце…
– Мыкола, ты з глузду з’ехаў?.. Цэлую гадзіну ў акне тырчыш, акром тваіх памагатых, ці бачыў на вуліцы хоць аднаго чалавека?
Ляскоўскі аслупянеў. Ён быў гатовы пачуць хоць што, толькі не адэскую мянушку, якой ахрысціў сам Мішка Япончык. Яму нічога не заставалася, як ад безвыходнасці пачаць бараніцца і напралом кінуцца ў бойку:
– Ты мне не мыкай!.. – штосілы крыкнуў старшыня. – Навошта імя сказіў? Памяць адбіла? А мо наўмысна здзек чыніш чалавеку, партыяй пастаўленаму на адказную пасаду? Калі так, партыйны сход уміг выведзе на чыстую ваду…
– Што ты, Мікалай Антонавіч, што ты!.. – спуджана замахаў рукамі Харэвіч.
Ён не чакаў гэткага суровага павароту, у адно імгненне яго шыю, твар пабіла чырвонымі плямамі. Шукаючы хоць нейкага апраўдання, чэкіст няўпэўнена прамармытаў:
– Маці меншага брата гэтак клікала… Адэсітка яна, вось і сарвалася з языка…
У пакоі запанавала зацяжная паўза. Ляскоўскі, каб не выдаць свайго ўзбуджанага стану, падхапіўся з крэсла, крутнуўся да акна і, як заўсёды падчас неспадзяванага хвалявання, шукаючы падтрымкі, адчайна зірнуў на партрэт Троцкага, што вісеў у прасценку між вокнамі. Уладарны, трыумфальна-суровы твар важака ў гэтыя імгненні, здавалася, крычаў у рэвалюцыйным запале: «…Усім, хто пярэчыць мне і маім паслядоўнікам, – расстрэл!.. Расстрэл!.. Без суда і следства!..»
Ляскоўскі, адчуваючы поўную залежнасць, нават пакутную нікчэмнасць перад выявай куміра, канешне, не мог паўтарыць тое, што ў гэтыя імгненні рвалася з яго ганарыстай, мізэрнай душы, гатовай на любую подласць, абы на карысць сабе. Шукаючы выйсця, ён наўмысна марудзіў, цягнуў час. Невясёлыя думкі круціліся вакол аднаго: раптам Харэвіч рабіў тайныя спробы дакапацца да мінулага?..
Няспешна дастаў з кішэні папяросы, зрабіў некалькі крокаў у бок чэкіста, пстрыкнуў вялікім пальцам па донцы пачка, але сілу не разлічыў. Адна папяроска, зрабіўшы ў паветры паўкруг, апусцілася на кірзавы бот міліцыянера, густа нашмальцаваны дзёгцем, і прыліпла. Харэвіч страсянуў нагой, але папяроска засталася на месцы.
– Калі тое, што сказаў пра маці, праўда, то выбачаю… – пільна сочачы за суразмоўцам, як мага лагодней буркнуў Ляскоўскі і, скасіўшы вочы на яго боты, з кіслай мінай на твары ўсміхнууся: – Добра, што не паспеў папяроску прыпаліць, а то пыхнуў бы ты разам з ботамі…
– Пра маці – чыстая праўда… Я вінаваты і прашу прабачэння… – адрывіста, дрыготкім ад напружання голасам прамармытаў Харэвіч, і фальшывая лёкайская ўсмешка застыла на перапалоханым твары. Праз секунду ён спахапіўся, аблізнуў парэпаныя, сухія вусны, са шкадаваннем дадаў: – Каб мазут быў на бензіне ці спірце – пыхнуў бы, што той факел, а дзёгаць упаліць трэба.
«Харэвіч дапытвацца не стане, – разважаў Ляскоўскі. – Чалавек лёкайскай пароды, з нутром баязліўца і шкурніка, каб да сябе прыцягваць увагу і гэтым выдаць, не стане запыты пісаць у розныя інстанцыі. Гэткія дзейнічаюць спадцішка і ў адзіночку, без сведак… Але пільнасць не пашкодзіць, лёкай не ўпусціць магчымасці дапамагчы ўпасці, ён здольны на большае, не толькі ножку падставіць, ён і ў спіну пульне, калі на яго ніхто пальцам не пакажа. Падчас вайны ўсялякае здаралася, даводзілася і гэткае бачыць: ад’ютанты стралялі ў спіны сваім гаспадарам, панам афіцэрам…»
Успаміны пра анархічную раздольную вольніцу, Адэсу і крымінальнае бандыцкае жыццё імгненна прымусілі Ляскоўскага ўзяць сябе ў рукі. Штохвілінны панічны страх, страх выкрыцця і не інакш як смяротнай расправы, сягоння лёгкім скразнячком прабег па спіне і сцішыўся дзесьці ў патыліцы. Але глыбокай ноччу, у поўнай цішы, падчас нуднай бяссонніцы, дзённыя праблемы вярталіся і да поўнага знемажэння мучылі болем скроні, увачавідкі бачылася цагляная ледзяная сцяна, да якой туліўся спінай у чаканні вокрыку «плі».
Для былога падручнага Мішкі Япончыка з гадамі канспірацыя выйшла на першае месца. У трывожныя хвіліны, хоць бы ўзяць за прыклад сягонняшні, лічы, выпадковы напамін начальніка міліцыі пра Адэсу, падсвядомасць часцяком падказвала ідэі ў адным кірунку: што яшчэ зрабіць, каб глыбей схаваць былое, каб напусціць туману на тое, чаго не хацелася ўспамінаць?.. Ляскоўскі разгубленымі, як замыленымі, вачамі глядзеў на Харэвіча, а ў думках адно: зашыцца, зліцца, згубіцца ў агульнай масе камуністаў, каб ніхто ніколі больш не назваў яго Мыколам.
А праз секунду разважаў зусім пра іншае: «Можа, і добра было б зрабіць, каб камуністы прыфрантавой зоны карысталіся прыдуманымі мянушкамі?..»
Падумаў – і адразу прыгадаў налётчыка Мішку Япончыка, які, згодна з пашпартам, Мойша Вінніцкі, таварыш Троцкі аказаўся Львом Бранштэйнам, а Ленін дэпешы падпісваў як Ульянаў.
«Я таксама мог бы падпісвацца мянушкамі, а то і некалькімі… – у думках маляваў жаданую карціну: – Мянушкі буду ставіць на самых важных паперах, на якіх фіксуюцца арышты, экспрапрыяцыя і, канешне, расстрэлы ворагаў. Трэба не забыцца і абавязкова падаць ідэю. Быць падобнымі да сапраўдных рэвалюцыянераў – не проста здорава, гэта – неабходнасць… Ідзе вайна… і падазрэнні ў камуністаў не ўзнікнуць, калі спаслацца на нашых правадыроў. Гады мінуць, і хто зможа разабрацца ў тых мянушках і подпісах?.. Зрэшты, як ажанюся, на прозвішча жонкі перайду…»
Згадаў нявесту і адмахнуўся ад намеру змяніць прозвішча, не надта яно ў Розы перспектыўнае. Каторы раз пашкадаваў, што не падумаў пра гэта раней, магчымасць была стаць хоць Івановым, хоць Сідаравым, але не. Успамінаў бацьку, які, выпіўшы, часта згадваў пра нейкую шляхетнасць іхняга роду, і не адважыўся. Цяпер і рады быў бы, але змяніць нічога не можа. Ён уважліва паглядзеў на Харэвіча і ўжо наважыўся быў сказаць пра задуму, але ўбачыў пустыя, халуйскія вочы і не рызыкнуў агучыць наваспечаную ідэю.
«Гэты, – мільганула асцярожная думка, – не зразумее намер быць падобнымі да людзей высокага палёту і, як піць даць, ананімны данос настрочыць».
Ён працягнуў пачак папярос начальніку міліцыі, прапанаваў:
– Смалі, Франц.
Харэвіч адмоўна матнуў галавой і ўсё яшчэ насцярожана прабубніў:
– Свае маю… Пасля вядомага табе вобыску і ў мяне гэтага дабра хапае… – пераступіў з нагі на нагу, з хітрынкай у голасе дадаў: – Лозунг няхай застаецца на месцы, нешта пісаць – толькі паперу мараць. Зрэшты, ты начальства, табе лепш відаць і… чытаць. Адно турбуе: што, як кіраўнікі завітаюць? Ніякі камісар твой намер не ўхваліць, рэвалюцыйныя словы толькі з твайго акна чытаюцца… Не для жыхароў плакат…
«А ён не такі ўжо і просты, вунь як перавярнуў…» – падумаў Ляскоўскі і, прысмаліўшы папяроску, перавёў размову ў зусім іншы кірунак.
– Нам ёсць пра што разам пакумекаць: напрыклад, як загад выканаць аб мабілізацыі добраахвотнікаў на фронт? Сто чалавек – гэта ж цэлая разгорнутая рота! І яшчэ прапаную Восіпа Гарбаценку памяняць. Не паспявае чалавек і палітаддзелам кіраваць, і асабіста следства весці.
– Ёсць прапановы? – нарэшце чэкіст зразумеў, дзеля чаго Ляскоўскі прыдумаў цырк з плакатам на яго вокнах.
Але, як ні дзіўна, іх думкі наконт Гарбаценкі супалі.
– Прапаную Жухара, – ціха зазначыў Ляскоўскі.
– Згодзен, – пасля невялікай паўзы пагадзіўся міліцыянер і, хітравата зірнуўшы на суразмоўцу, запытаўся: – Плакат што, застаецца?..
– З акна кабінета прыемна сузіраць мэту нашай рэвалюцыі, – узнёсла, як на мітынгу, гукнуў старшыня, – але пайду насустрач, месца для рэвалюцыйнага лозунга знойдзем больш зручнае… Каб навідавоку і для ўсіх жыхароў… Была задума замацаваць над мостам праз Дзісну, як маракуеш?
– Лепшага месца і не прыдумаеш, – расплыўся ў шчаслівай усмешцы Харэвіч. – Калі трэба, дапамагу, ёсць у мяне парачка рослых і рукастых міліцыянераў.
– Не, з гэтым і мая каманда справіцца… У мяне ёсць просьба да цябе зусім іншага плана…
Ляскоўскі сцішыўся, зацягнуўся папяросай, з прыўзнятых ноздраў хісткі дымок паволі пацягнуўся да прачыненай форткі. Зрабіў некалькі рухаў выцягнутымі ў трубачку вуснамі, непрыемнымі, быццам парсюковы лыч, і з рота курца пачалі выплываць колцы кучаравых тытунёвых аблачынак, падобных да абаранкаў. Задаволены сабой, старшыня з-пад ілба зірнуў на Харэвіча, яшчэ раз чмыхнуў аблачынкай, гукнуў:
– Хачу разам з табой паглядзець на Жданава.
– На папа з Шаркаўшчыны? – здзіўлена перапытаў чэкіст і, перасмыкнуўшы плячамі, дадаў: – Я веру Маляўку… Усе папы – контррэвалюцыянеры, а ў нас вайна не на жыццё, а на…
– Ведаю, ведаю, – замахаў рукамі Ляскоўскі, і было незразумела, ці ён дым каля твару разганяе, ці ад суразмоўцы адмахваецца.
– А калі ведаеш, навошта з ворагам мусі-пусі разводзіць, час на яго траціць? Зрэшты, навошта я табе? Сам схадзі ці загадай прывесці. Лепш першае, заадно падзівішся на цеснату ў камерах. Пабачыш – і выканаеш загад цэнтра аб павелічэнні турмаў…
– Хачу не толькі паглядзець на папа, але і некалькі пытанняў яму задаць.
– З варожым класавым элементам гаварыць не раю, таварышы не зразумеюць… Згадай дэпешы з Масквы, асабліва кім яны падпісаныя. Сам Уладзімір Ленін абазначыў і давёў нам рашэнне партыі: рознага калібру былыя царскія служкі, памешчыкі і буржуі, афіцэр’ё, жандары і, канешне, папы партыяй загадзя прызнаныя контррэвалюцыянерамі. А ты прапануеш з ворагам за стол сесці і гарбатку піць?
Старшыня выканкама быў задаволены, хітрасць удалася. Ён наўмысна завёў гаворку пра Жданава, і чэкіст павёўся, пачаў жорстка ўшчуваць за аслабленне рэвалюцыйнай пільнасці. Было відавочна, што Маляўка не толькі яго, Ляскоўскага, «шчыра прасіў», каб шаркаўшчынскага папа ні ў якім разе не выпускалі з турмы, а як мага хутчэй прымянілі вышэйшую меру пакарання.
«Цікава, мне – сувой матэрыі і тры залатыя чырвонцы, а што атрымаў Харэвіч?» – слухаючы начальніка міліцыі, думаў Ляскоўскі.
Здацца, прызнаць паразу ці хоць у нечым уступіць Харэвічу ў яго планы не ўваходзіла. Вяселле на носе, наперадзе расходы вялікія, а ў Маляўкі, па правераных звестках, ёсць чым падзяліцца з непасрэдным начальнікам. І падзеліцца, толькі трэба папа трошкі памучыць, не адразу ў распыл.
– Раптам Жданаў прыме рэвалюцыю і на наш бок пяройдзе? – дачакаўшыся паўзы, з напускной абыякавасцю зазначыў Ляскоўскі; падумаў, дадаў: – За ім людзі пацягнуцца, асабліва тыя, хто вагаецца і яшчэ не вызначыўся, чый бок прыняць…
– Ты жартуеш?.. – разгублена перапытаў збіты з панталыку Харэвіч і машынальна выдыхнуў завучанае: – Папы павінны быць знішчаны, цэрквы разбураны… У крайніх выпадках, папоўскі элемент павінен сядзець у турмах ці, як раіць таварыш Ленін, чысціць туалеты…
– Партыя ў маёй асобе, – наструніўся Ляскоўскі, – прапануе Жданаву разумны і беспамылковы выбар: калі не зямельку парыць, то ў турме сядзець… А можа, разам з намі жалезнай рукой заганяць неадукаваны народ у светлую будучыню… Каб чэкісты і міліцыя спалі спакойна, на чарговым партыйным сходзе асабіста далажу вынікі праведзенай агітацыі. З мяне патрабуюць прапагандысцкую працу з насельніцтвам?.. З папа і пачну!.. Толькі на хвілінку ўяві: раптам святары розных канфесій зразумеюць, што любая рэлігія – не што іншае, як опіум для народа, яго абалваньванне!.. Што станецца з прыхаджанамі?
– Што? – ціха прашаптаў Харэвіч.
– Здарыцца прасвятленне ў мазгах, і стануць яны апорай, але не папоўскай, а нашай, камуністычнай. І тады сусветная рэвалюцыя абавязкова пераможа, людзі ўсяго свету пойдуць за намі і скінуць са сваіх натруджаных плячэй прыстасаванцаў, дармаедаў, буржуяў і…
– Мікалай Антонавіч, ты сапраўдны камуніст!.. – ускрыкнуў усхваляваны Харэвіч. – Якія ўзнёслыя словы!.. Калі жыў у Петраградзе, толькі там і даводзілася чуць бальшавіцкіх агітатараў твайго ўзроўню… Я таксама хацеў бы навучыцца так прамаўляць…
– Кніжкі правільныя чытай і нашы, бальшавіцкія, газеты… Нядаўна пісалі пра святара Міхаіла Жадзяева… Яго белякі расстралялі за агітацыю савецкай улады… А яшчэ пісалі пра Папова, Рашэтнікава і Гарава – таксама былыя папоўскія элементы. Яны адракліся ад Бога, уступілі ў партыю бальшавікоў і ваююць за савецкую ўладу… Так што раю чытаць, а нашых правадыроў – вывучаць… І, пажадана, на памяць… Ворага забіць – вялікага розуму не трэба… Што як на яго месца стануць не адзін і не два, а дзесяць?.. Сто чалавек?.. Патронаў не хопіць… Ад самых ярых і тых, хто не паддасца перавыхаванню, канешне, будзем пазбаўляцца… Астатніх навучым жыць у рэвалюцыі і для рэвалюцыі… Народ павінен навучыцца распазнаваць ворагаў і…
– І ў распыл!.. – Харэвіч секануў рукой паветра, паправіў шырокі рэмень на скуранцы, дакрануўся рукой да маўзера, рашуча выдыхнуў: – Зараз сам і дастаўлю папоўскі элемент для прапагандысцкай гаворкі.
– І Жугар з паперамі няхай прыйдзе, дапаможам новаму следчаму правільна ўнікнуць у хітраспляценні папоўскай справы.
На вуліцы начальнік міліцыі са здзіўленнем убачыў, што людзі Ляскоўскага ўжо скручваюць плакат у рулон. Зразумеў: работнікі атрымалі загад ад свайго шэфа з акна кабінета, і не стрымаўся, кароткі гартанны смех міжволі вырваўся з грудзей. Упершыню Харэвіч быў задаволены размовай, адчуваў, што між ім і Ляскоўскім нечакана склаўся масток, няхай сабе лёгкага, яшчэ не таварыскага, але непрытворнага даверу. Ён кашлянуў у кулак, азірнуўся на вокны, убачыў старшыню выканкама і нечакана для самога сябе прыклаў руку да брыля скураной фуражкі, аддаў чэсць, амаль па-ваеннаму крутнуўся і ў добрым настроі заспяшаўся ўніз па вуліцы да турмы.
Ляскоўскі, як ні дзіўна, быў менш аптымістычны і зусім не давяраў Харэвічу. Ён хітрыў, калі прасіў прынесці справу святара. Маляўка паказваў данос былога царкоўнага старасты Антона Баговіча з вёскі Ручай. Стараста абвінавачваў Канстанціна Жданава ў контррэвалюцыйнай дзейнасці. Да гэтай паперы прыкладвалася яшчэ адна – рашэнне шаркаўшчынскай камуністычнай ячэйкі, дзе ў катэгарычнай форме гаварылася пра неадкладную ліквідацыю папа як ворага савецкай улады. Але следчы Восіп Гарбаценка пасля першага допыту Жданава, а потым некалькіх яшчэ, нават з прымяненнем фізічнай сілы, што заахвочвалася новай уладай, прыйшоў да высновы і далажыў цыдулкай: «Словы Баговіча патрабуюць праверкі. Жданаў абвінавачванні катэгарычна абвяргае і паказвае былога старасту чалавекам карыслівым, ілжывым, які помсціць за выкрыццё ў крадзяжы царкоўных грошай…»
Следчы спасылаўся на суд, які прызнаў Баговіча вінаватым, але рэвалюцыя адмяніла старарэжымныя прыгаворы, судовыя справы бясследна зніклі, і факт крадзяжу застаўся непацверджаным, толькі слова папа – супраць слова старасты. Каб дазнацца праўду, Гарбаценка планаваў камандзіроўку ў Шаркаўшчыну, што магло нашкодзіць не толькі мясцовым камуністам, але і планам самога Ляскоўскага.
Старшыня вырашыў замяніць следчага на свайго чалавека, неканфліктнага, менш прынцыповага, і дзеля гэтага прыдумаў сягонняшнюю акцыю з вывешваннем плаката на вокнах начальніка міліцыі. Ён ведаў, што савецкай уладай ліквідацыя папоўскага саслоўя амаль узаконена, але ж з розных крыніц даходзілі чуткі, што людзі ў Шаркаўшчыне і акрузе збіраюць подпісы з просьбай аб вызваленні Жданава. Гэтая акалічнасць трывожыла, кіраўнік павета не мог не ўлічваць настрой некалькіх тысяч мясцовых жыхароў у прыфрантавой зоне.
Праз гадзіну Харэвіч вярнуўся без Жданава і, як толькі прачыніў дзверы, выпаліў:
– Маляўка не хлусіць пра гідру папоўскую…
– Уцёк? – падхапіўся з-за стала Ляскоўскі.
– Не, але яго рызыкоўна па вуліцах вадзіць, – раздражнёна адказаў Харэвіч, зняў фуражку, далонню выцер спатнелы лоб. – І паўдарогі не прайшлі, як людзі… Не, адны бабы, што дзікункі ашалелыя, наляцелі, гвалт паднялі, хто-ніхто ўкленчыў перад папом… Усе жагнаюцца, моляцца, крычаць: «Блаславі, бацюшка!» А ён рады старацца… Праўда, мы з Жухарам хутка справіліся з сітуацыяй, – Харэвіч шматзначна дакрануўся да маўзера, тонкія вусны скрывіліся ў нежывой, злой ухмылцы. – Каб папа прыструніць, заўсёды ёсць баявы памочнік… Вернікі ўбачылі, чым я блаславіў папа, і жаданне маліцца, крычаць і скуголіць імгненна прапала, задалі гэткага стракача, што і на ровары не дагоніш.
– Ты што?! – ажно ўзвіўся Ляскоўскі. – Ты…
– Ды жывы Жданаў, жывы, – задаволена, што гэтак уразіў старшыню, шчыра рассмяяўся Харэвіч, але, убачыўшы ўзрушаныя ледзяныя вочы, імгненна ўзяў сябе ў рукі і з напускной бравадай прамовіў: – Мне вельмі хацелася, каб і поп зрабіў хоць дзесяць крокаў услед сваёй пастве… Дужа вялікае жаданне было ўсадзіць яму парачку куль між лапатак за спробу ўцёкаў, але спадзяванні не спраўдзіліся. Толькі для парадку рукаяткай маўзера злёгку садануў у папоўскую калматую бараду, той і скапыціўся, упаў пасярод вуліцы ні жывы ні мёртвы, вочы закаціў. Добра, што Жухар у гэткіх справах – дока, уміг сімулянта раскатурхаў… Праўда, да турмы пад рукі вялі, для надзейнасці… – Харэвіч пачухаў патыліцу, пераступіў з нагі на нагу, дадаў: – З папом гаварыць – што з пяску пугі віць… Адчуваю, таварыш Ляскоўскі, не перацягнеш ты Жданава на бок рэвалюцыі, марная трата часу… Не зразумее ён нашых ідалаў… Можа, перадумаеш з яго камуніста ляпіць?
– Па-першае, не ідалаў, а ідэалаў… За гэткую агаворку можна і з партыі вылецець… Па-другое, здараецца, людзі не бачаць і не разумеюць свайго шчасця, – прыжмурыў пацучыныя вочкі Ляскоўскі; яго меркаванні наконт Харэвіча спраўдзіліся, чэкіст не паверыў у задуму «перавыхавання» Жданава. – Поп злеплены са старарэжымнага цеста і, акром царкоўных талмудаў, нічога не вывучаў, бальшавіцкіх правадыроў не чытаў, рэвалюцыянераў на плошчах не слухаў… Я таксама быў далёкі ад рэвалюцыі, але адзін раз пашэнціла паслухаць таварыша Троцкага, і жыццё крута перамянілася… Чым чорт не жартуе, калі Бог спіць, раптам і Жданаў возьме наш бок.
– Упёрты, ты, Мікалай Антонавіч, – перасмыкнуў плячыма Харэвіч, выцягнуў папяросу, дзьмухнуў у доўгі муштук, сціснуў яго зубамі і, прысмальваючы, скрозь зубы дадаў: – Я ў гэтай справе слабы памочнік, ды і адносіны з папом паспеў сапсаваць. Але, на мой пагляд, з ідэйным ворагам лепш сустракацца ў турме, так надзейней. Там і допытная, і камеры побач, і ахоўнікі спрактыкаваныя, асы ў сваёй справе. Што калі Жданаў больш за словы сілу паважае? Ахоўнікі з фанабэрлівых ганарліўцаў пыху ўміг зганяюць, штошто, а кулакі ў іх пудовыя…
Харэвіч зрабіў невялікую паўзу, у вачах бліснуў нецярплівы кплівы агеньчык. Было бачна, што ён у нечым сіліцца сябе стрымаць і не можа. І ўсё ж праз секунду яго прарвала, чэкіст, скалячы рэдкія жоўтыя зубы, праз якія клубамі валіў шызы тытунёвы дым, з вялікім задавальненнем выпаліў яхіднае:
– Там і калодзеж у двары, а вада ў ім ледзяная, кажуць, «святая»… Папярэджваю на ўсялякі выпадак, раптам будучы камуніст не вытрымае тэзісаў нашых правадыроў і за кожным прамоўленым табой словам млець будзе… Для ажыўлення вадзічка якраз і спатрэбіцца, павінен чалавек скумекаць, што жыць камуністам многа лепей, чым зусім не жыць…
Старшыня прапусціў міма вушэй яўныя кпіны. Пасля аповеду пра людзей, што кідаліся ў ногі Жданаву, яго нечакана ахінулі іскрамётныя мроі, яны ўскалыхнулі зайздросную, падкую да бязмежнай славы шальмоўскую душу. Убачыў ён вялікі, як кінуць вокам, натоўп… Людзі, укленчыўшы, стаялі на брукаванцы, радасцю гарэлі іх вочы, рукі цягнуліся да чалавека на белым кані… А ў сядле ён, Мікалай Антонавіч Ляскоўскі, у бялюткім смокінгу з кацялком на галаве (гэтак часта апранаўся Мішка Япончык, калі рабаваў буржуяў у тэатрах і рэстаранах). Далёка, на гарадской звалцы, бачыць ён чароды варання, ад якога адчайна адмахваюцца людзі ў споднім… Гэта буржуі, папы, царскія генералы… За ракой відаць Маскву, трошкі правей – Піцер… Людзі ад яго больш не ўцякаюць і не хаваюцца, наадварот, бягуць насустрач, славяць, пяюць хвалебную, крычаць «ура»…
Дзесьці блізка, лічы, побач з управай, прагучаў стрэл, за ім другі, трэці… Ад нечаканасці Ляскоўскі ўціснуў галаву ў плечы, шустра шмыгнуў у крэсла, што тулілася ў прасценку паміж вокнамі, ухапіўся за кабуру… Прывідныя мроі быццам рукой зняло.
– Гэта мае… У стральбе практыкуюцца, – супакоіў старшыню Харэвіч, і, быццам пацверджанне яго слоў, пачуліся галасы, крык, рогат…
Чэкіст задаволена крактануў у кулак, дадаў:
– У заклад смаляць… Па флюгерах на дахах дамоў з трохлінейкі страляюць… І, скажу табе, няма большай асалоды, як пульнуць у пеўніка, чорта ці ў царкоўны звон. Калі патрапіць у самы вялікі акурат пасярэдзіне, звон – хоць вушы затыкай… Хлопцы казалі, на перадавой чуваць.
– Разбадзяліся! – ускрыкнуў, падхапіўся на ногі Ляскоўскі і, заклаўшы рукі за спіну, усутыч наблізіўся да Харэвіча, холадна прасіпеў: – Парушальнікаў дысцыпліны заўтра ж з першай партыяй адправім на фронт… Няхай там па ворагах рэвалюцыі агонь вядуць… – ён адступіў на некалькі крокаў і, каб прыкрыць нядаўні страх, з напускным раздражненнем – ужо ўцяміў, як у спакойнай абстаноўцы можна прыпужнуць Харэвіча, – надрыўна ўскрыкнуў: – Ты не начальнік міліцыі, калі не змог даставіць арыштаванага!.. Заўважу, даставіць не дзесяць чалавек, не трох, а ўсяго аднаго… Ты…
– Памылку выпраўлю, – спалохана гукнуў Харэвіч, чамусьці прыклаў два пальцы да брыля фуражкі, хуценька выслізнуў за дзверы і акуратна, без стуку іх прыкрыў.
На вуліцы нестатутнай мовай агаломшыў стралкоў па флюгерах, пастроіў іх у калону і гучна, амаль крыкам, камандуючы: «Аць-два… Левай!..» – павёў да турмы.
Ляскоўскі глядзеў у спіну няўклюдным ваякам, і не надта добрыя думкі раіліся ў галаве. Сярод міліцыянераў толькі Харэвіч выглядаў больш-менш прыстойна: кірзавыя боты, кавалерыйскае галіфэ, чорная скуранка, перацягнутая шырокім рэменем, на галаве – скураны капялюш з брылём, над якім мільгацела чырвоная зорка. Астатнія ж – хто ў чым, але больш за ўсіх вылучаўся высокі, шырокі ў плячах здаравяк, які, засунуўшы рукі ў кішэні, важна, уразвалку шпарыў апошнім. Ён быў апрануты ў доўгі, аж да лытак, кажух, што вельмі замінала трымаць нагу, паверх авечага каўняра – шкура лісіцы-агнёўкі, лапкі і морда чамусьці матляліся на спіне служакі, на нагах – зусім не па красавіцкім надвор’і чаравікі з ярка-чырвонымі гетрамі, на галаве – нечакана – будзёнаўка. Трохлінейка на плячы бамбізы здавалася цацачнай, ні болей ні меней.
Убачыў – і прыгадаў банду налётчыкаў Мішкі Япончыка. Некаторыя з іх менавіта гэтак і выглядалі пасля рабунку якога-небудзь купца сярэдняй рукі. Толькі на месцы будзёнаўкі магла па-заліхвацку, набакір, месціцца матроская бесказырка ці шляпа-каўпак. Калі ў чалавека не было каштоўнасцей, забіралі ўсё, што на вочы траплялася, і шыкоўныя каўняры зразалі таксама. Калі футра ці паліто падзяліць не маглі, каўнер лічыўся даражэйшым за паліто. Верхавод Мішка падтрымліваў асабісты імідж «справядлівага налётчыка на багацеяў» і нейкую дробязь пакідаў ашаломленаму ад страху чалавеку, часцей – некалькі манет на вазніцу, каб абрабаваны дадому змог дабрацца.
«Аць-два… Левай!» – гучна камандаваў Харэвіч.
Служакі, што было відавочна, строем ніколі не хадзілі і цяпер, каб змякчыць гнеў начальніка (пэўна ж, прыгразіў адпраўкай на фронт), што ёсць сілы, хаатычна і неўпапад грукалі абцасамі па брукаванцы.
Ляскоўскі паглядам праводзіў разнамасную працэсію, ды так і застаўся каля акна, вырашыў дачакацца, пакуль з-за павароткі зноў не вынырне пярэстае шэсце. Калі зноў убачыў міліцыянераў з трохлінейкамі наперавес, пасярод іх – чалавека ў чорнай расе, задаволена крактануў у кулак, звычным рухам далоні зверху ўніз правёў па вусах, тузануў бародку і адхіснуўся ад акна, не хацеў, каб Харэвіч яго ўбачыў.
Штодзённая канспіратыўная асцярожнасць не дазваляла расслабіцца, усё ж пабойваўся хітрага чэкіста, які мог заўважыць перабольшаную цікавасць да Жданава і расцаніць па-свойму. Раптам захоча адыграцца за сягонняшняе прыніжэнне і абвінаваціць у падтрымцы папа-контррэвалюцыянера, а гэта азначала б не толькі канец кар’еры – ён мог аказацца ў адной турэмнай камеры з ворагамі народа.
Жданаў, на самай справе, быў вельмі патрэбен Ляскоўскаму, патрэбен як прынада, як рыбаку жывец, каб на малую рыбку злавіць вялікую. Трагічны лёс святара вырашыўся адразу, у тую самую секунду, калі старшыня выканкама атрымаў ад Маляўкі некалькі залатых чырвонцаў. Убачыў у юрлівых вачах затоеную хітрасць, прыхаваную ліслівасцю і празмерным жаданнем услужыць начальніку, і ў галаве бліснула думка, учэпістая і адначасова раўнівая: «Ці не ў кішэнях Маляўкі апынуліся грошыкі, скрадзеныя царкоўным старастам? Калі гэта так, трэба прымусіць Маляўку раскашэліцца, няхай падзеліцца… хоць бы паловай».
Ляскоўскі быў перакананы, што царскія паперкі-рублікі, хутчэй за ўсё, пераведзены ў залатыя манеткі, сам некалі гэтым грашыў… Насцярожыў і напісаны беспартыйным Баговічам тэкст даносу, кожны абзац якога пачынаўся з узнёслага камуністычнага лозунга ці з інтэрнацыянальнага закліку да барацьбы з контрай. У кожным радку адчувалася рука вопытнага чалавека, які мэтанакіравана і бескампрамісна вёў Жданава на рэвалюцыйную крывавую плаху. У дадатак, усялякія сумненні наконт існавання тайнай змовы камуніста з былым царкоўным старастам разбівала на шматлікія аскепкі адно банальнае і даволі практычнае пытанне: «Дзе грошы?..» Ніякіх звестак пра тое, што Баговіч іх здаваў у казну, не было.
Першы ў кабінет уваліўся Харэвіч, расчыніў дзверы, гукнуў:
– Арыштаваны поп дастаўлены!.. Хлопцы, заводзьце!..
Міліцыянер у кажуху з каўняром з лісіцы памкнуўся быў зайсці разам з арыштаваным і не змог: дзвярны праход і для аднаго бамбізы аказаўся малаваты. Не ведаючы, як быць, запытальна паглядзеў на Харэвіча, буркнуў:
– Не пралезем…
– Ты тут не патрэбны, – абурана крыкнуў Харэвіч, дзвюма рукамі штурхнуў здаравяка ў грудзі, вызваліў праход для святара, зняў фуражку, зрабіў рэверанс і з’едліва прамовіў: – Будзь ласка… Праходзь на допыт, ваша папоўская добрапрыстойнасць…
Ляскоўскі быў не задаволены паказным блазнаваннем начальніка міліцыі, але не лічыў патрэбным спыняць Харэвіча. Надаўшы твару суровасць (кожную раніцу ён рэпеціраваў гэткі выгляд каля люстэрка перад выхадам на службу), у акулярах, з заціснутай у кулак казлінай бародкай, моўчкі свідраваў змрочным насупленым позіркам Жданава. Чакаў зручнага моманту, а дакладней, вытрымліваў паўзу, бо праз мутныя шкельцы не мог распазнаць стану арыштаванага. Прымяняў, на яго думку, дзейснае: паказваў сябе галоўным, а для гэтага трэба трошкі вытрымкі і асуджальны вокрык, каб прыструніць міліцыянера. Паўза зацягнулася, і Ляскоўскі нечакана ўпусціў момант загадзя падрыхтаванага начальнщкага вокрыку, якім планаваў сябе ўзвялічыць.
– Нам што рабіць? – з расчыненых дзвярэй прабасіла кудлатая галава з лісіцай на шыі. – Чакаць ці…
Гэтае «ці» дробнымі іголкамі ўварвалася ў скроні, Ляскоўскі двума кулакамі ўдарыў па стальніцы і спружыніста ўзвіўся з крэсла.
– Во-о-о-н! – пранізлівым звінючым голасам зароў старшыня, акуляры саслізнулі з кручкаватага носа, упалі на падлогу, але не разбіліся. Дзверы з грукатам зачыніліся, пачуўся тупат, чарговы раз бразнулі дзверы, цяпер ужо на вуліцу, і ў кабінеце зноў запанавала трывожная цішыня. Ляскоўскі з-пад ілба слабавідушчымі вачамі зірнуў на Харэвіча (трэба ж вытрымаць пакутную паўзу і дачакацца, каб зрок усталяваўся пасля непатрэбных акуляраў), міжвольна ўказальным і вялікім пальцамі пацёр вейкі, спрабуючы супакоіцца, нахіліўся, падняў акуляры.
– Напэўна, Вам не зусім падыходзяць шкельцы? – спакойным голасам прамовіў Жданаў і запытаўся: – У Вас блізарукасць ці дальназоркасць?.. Дыёптрыі з плюсам ці з мінусам?..
У Ляскоўскага ажно дыханне перахапіла. Ён ніколі не чуў ні пра дыёптрыі, ні, тым больш, пра шкельцы з плюсам ці мінусам. Гэтыя мудрагелістыя пытанні выбілі з каляіны, парушылі бліскучы план, разладзілі да дробязей прадуманую сістэму першага допыту, допыту не з пагрозамі і катаваннем, як звычайна, а з правядзеннем грунтоўнай камуністычнай гутаркі, нават прыяцельскай размовы аб непазбежнасці сусветнай рэвалюцыі.
Задуманы спектакль у першую чаргу прызначаўся для Харэвіча. Начальнік міліцыі павінен адкінуць трывожныя ўедлівыя сумненні і канчаткова паверыць у праўдзівасць высакароднага намеру. У нейкі момант ён дапаможа схіліць папа да супрацоўніцтва, і, што мае зусім стратэгічнае значэнне, чэкісту ў заведама нязбытным, фіктыўным плане адводзілася роля інфарматара. Харэвіч, па задуме Ляскоўскага, паведаміць Маляўку аб прычыне сустрэч старшыні выканкама з папом. Шаркаўшчынскі камуніст, несумненна, паверыць чэкісту, і, як толькі гэта здарыцца, Маляўка ў «дзюбцы» прынясе золата, якое, па бясспрэчным праве старшынства, павінна належаць яму, старшыні выканкама.
Харэвіча не толькі насцярожыла разгубленасць Ляскоўскага, у думках шавяльнулася падазрэнне, што прычына перабольшанай паўзы таварыша па партыі – звычайны страх. У чаканні нечага незвычайнага ён перавёў позірк з арыштаванага на старшыню і, убачыўшы на прадаўгаватым перапалоханым твары калегі ці то здзіўленне, ці то разгубленасць, застыў з адзервянелай, па-блазенску задаволенай усмешкай на ссінелых вуснах. Усім выглядам міліцыянер паказваў сваю перавагу, бо, каб нешта падобнае здарылася з ім, поп імгненна быў бы збіты з ног і курчыўся ад болю на падлозе.
Скрыўленыя нахабныя вусны Харэвіча імгненна вярнулі Ляскоўскага ў рэальнасць, створаную самім. Ён добра ведаў гэтую мёртвую, як прылепленую, ухмылку на твары таварыша па партыі, што заўсёды папярэднічала расстрэлам ворагаў рэвалюцыі.
– Рана скалішся, – злосна, перасцерагальна прасіпеў Ляскоўскі і так зіркнуў на Харэвіча, што міліцыянер паспешліва падцягнуўся, стаў смірна; потым уважліва паглядзеў на Жданава і з яўнай пагрозай працадзіў скрозь зубы: – І ты, поп, зарубі на сваім чуткім да грошай носе: я пытанні задаю, ты адказваеш…
Святар быў невысокі, бліжэй да сярэдняга росту, з доўгімі чорнымі валасамі і гэткай жа акладзістай барадой, чаму не мінуў пазайздросціць старшыня. Ён задумліва глядзеў на Ляскоўскага шырока расплюшчанымі, як у дзяцей, даверлівымі, нябеснага колеру вачыма, і ніводзін мускул не тузануўся на яго да сінявы збітым твары. Цвёрдага ў перакананнях, упэўненага ў сабе чалавека падкрэслівалі зграбная пастава і чорная раса, хоць месцамі і парваная.
Па спіне Ляскоўскага прабеглі халодныя мурашы, дробна, па-здрадніцку затрымцела правае павека, што здаралася з ім амаль заўсёды, калі даводзілася сутыкацца з людзьмі, моцнымі духам, перакананымі ў сваёй праваце. Яму здаралася сустракацца з палоннымі царскімі афіцэрамі, бачыў, як многія з іх на расстрэлах аддавалі чэсць… Чэсць не смерці, што блазнавата рагатала разам з карнымі атрадамі, а незразумеламу яму ўпартаму слову і, як здавалася, слову для іх сакральнаму, слову, дадзенаму прысязе і гонару афіцэра… Прыгадаў і загінулага ў цягніку камісара. Ён быў просты рабочы, пуцілавец – і туды ж, у граф’я… Цяпер вось поп!.. Няўжо нікому з іх жыцця не шкада?!
Нечакана дзверы расчыніліся, і на парозе ўзнікла каржакаватая постаць следчага Жугара. На ўскудлачанай галаве – капа рыжых валасоў, шынель афіцэрскага крою – наросхрыст, у выпучаных вадзяністых вачах – спапяляльны гнеў. На яго левым плячы матляўся палявы падсумак, пад правай пахай – кучаравая папаха з наўскос прышытай ярка-чырвонай стужкай. Ён адштурхнуў Жданава, бо замінаў падыход да старшыні, і, не звяртаючы ўвагі на начальніка міліцыі, пакідаючы на падлозе брудныя сляды хромавых, яўна вялікіх ботаў з задзёртымі ўгору насамі, гучна адрапартаваў:
– Справа папа Жданава не варта яйка выедзенага… Скажу наперад, што з шаркаўшчынскімі камуністамі згодзен! Гаварыць з гэтым, – азірнуўся на святара, – што рэшатам ваду насіць… Не будзем час губляць, я гатовы ўдзельнічаць у расстрэле ворага рэвалюцыі…
– Суда не будзе? – рассеяна перапытаў Жданаў, і зноў нязносны рэзкі боль працяў жывот, у вачах пацямнела, падлога захісталася; ён з цяжкасцю ўтрымаўся на нагах і, праглынуўшы даўкі саленаваты камяк, які, здавалася, пераціснуў горла, праз сілу здушана прашаптаў: – Я не вораг новай уладзе… Данос – нагавор на мяне…
– Пра які суд успомніла гэтая п’яўка на целе народа? – узвысіў голас Жугар і крутнуўся да святара. – Камуністы прагаласавалі за ліквідацыю папоўскага элемента, мы і ёсць для цябе апошняя інстанцыя… як гаварылі пры царскім рэжыме, прыгавор канчатковы, абскарджанню не падлягае. Прывыкайце, грамадзянін поп, да рабоча-сялянскай юрыспрудэнцыі… Во!.. Якое дзіўнае слова вывучыў!.. Скончылася ваша буржуйская ўлада, цяпер мы, сяляне і рабочыя, пагонім вас на Калыму, на руднікі, на тыя, дзе золата… як іх?.. – ён запытальна зірнуў на чэкіста.
– На прыіскі… Залатыя… – Харэвіч падбадзёрыў Жугара, і абодва весела зарагаталі.
– Во, у самую кропачку, – праз смех гукнуў наваспечаны следчы. – Хопіць, пажылі ў золаце, а цяперака няхай ішачаць на нашу камуністычную будучыню. Хто не згодзен ці, як ты, поп, змоўшчык супраць улады, такім дарога адна: драўляны гарнітурчык на плечы.
– Я не згодзен!.. – запярэчыў міліцыянер. – Лесу, дошак шкада!.. Мы ў споднім іх закапаем…
– Хопіць, таварышы, хопіць! – узвысіў голас Ляскоўскі. – Я не кожнага запрашаю для гутаркі, і калі грамадзянін Жданаў тут, значыцца, савецкая ўлада праявіла цікаўнасць да яго асобы і… – зрабіў шматзначную паўзу, узнёсла дадаў: – Наша ўлада мае, так сказаць, рэвалюцыйны інтарэс!..
Прысутнасць следчага нечакана ўнесла пікантныя карэктывы ў авантурную задуму, і старшыня чарговы раз скарыстаў сітуацыю.
– Таварыш Харэвіч, што скажаце? – запытаўся Ляскоўскі і няспешна выцягнуў з кішэні пачак папярос.
Ён наўмысна правакаваў Харэвіча, цягнуў час, хацеў, каб менавіта чэкіст у прысутнасці Жугара агучыў «высакародны» намер: зрабіць Жданава паплечнікам і агітатарам за савецкую ўладу.
Старшыня выканкама не памыліўся. Харэвіч, не раздумваючы, ухапіўся за прапанаванае першынство ў агітацыі за адрачэнне ад закону Божага. Ён расправіў плечы, тузануў скуранку за крысы ўніз, паклаў далонь на кабуру маўзера і, свідруючы гарачым позіркам партрэт Троцкага на сцяне, гучна выпаліў:
– Прапаную грамадзяніну Жданаву перайсці на бок савецкай улады! Прапаную адмовіцца ад веры ў папоўскія казкі пра вечнае жыццё… Жыццё, якога мы не бачылі і людзі не ведаюць. Магчыма, там і лепей… Але ж хто раскажа, калі ніхто не вярнуўся?.. Прапаную…
– Сціхні, гадзюка! – імгненна зрэагаваў Жугар і дрыготкімі рукамі нацягнуў папаху.
Ён расцаніў заяву чэкіста скрытай праверкай на лаяльнасць да арыштаванага. Не першы раз яго, былога катаржніка, правяраюць на вернасць савецкай уладзе, але ўпершыню – ў рангу следчага. Ён чакаў правакацыі, толькі не ад Ляскоўскага, які заплюшчыў вочы на яго мінулае і рэкамендаваў у партыю. Падсоўваючы пад малаваты галаўны ўбор даўнавата не стрыжаныя валасы, Жугар спалохана, быццам пытаючыся, ці не замнога на сябе ўзяў, зірнуў на старшыню і, убачыўшы ў вачах падтрымку, нават пахвалу, скрозь зубы, зняважліва, як гэта мог зрабіць толькі катаржнік, працадзіў:
– Ты, Харэвіч, здраднік ці, у лепшым выпадку, з глузду з’ехаў!.. Цябе трэба арыштаваць… Я – сведка, здраду пацверджу… Вас, таварыш Ляскоўскі, падтрымаю ва ўсіх інстанцыях… Пачварны намер Харэвіча трэба давесці да камуністаў павета, а то і вышэй… Поп – вораг! Харэвіч жа прапануе дараваць ворагу жыццё і разам з ім шыбаваць у светлую камуністычную будучыню… У мяне пытанне: каго яшчэ няўпэўненыя… – прымоўк, адчайна махнуў рукой, дадаў: – Назаву сваімі імёнамі – прадажныя камуністы – прыстаканяць да нашага святога рэвалюцыйнага шэсця?.. Калі з папамі, то чаму б не апекаваць і капіталістаў, і памешчыкаў, і рознага разліву дваранчыкаў… Грамада будзе непаўнацэннай без купчыкаў, а дакладней, без спекулянтаў?.. Можа, адразу турмы адкрыем і ўсім злачынным кагалам і здрадніцкім гамузам з песняй пашыбуем у светлую будучыню?.. Шлях няблізкі… Невядома толькі, хто напрыканцы дарогі верх возьме і хто пры камунізме банкаваць будзе.
«Ого!.. Вось табе і Жугар!.. Аказваецца, палітзаняткі – не такая ўжо і кепская рэч… Ды і турэмная навука не забылася… Па-сапраўднаму вызверыўся, як катаржнік», – усцешана падумаў Ляскоўскі і нарэшце прысмаліў папяроску.
Вачамі, прыжмуранымі ад едкага дыму, абвёў прысутных і, убачыўшы збялелы, нездаровы твар Жданава (нават праз сінякі тое было відаць), ледзь стрымаў нядобры, фанабэрлівы смех і, каб прыкрыць свой цынізм, вырашыў падыграць Харэвічу. Справакаваная гульня патрабавала рэабілітацыі ў вачах папа за нядаўні істэрычны, зневажальны гнеў. Не зводзячы высакамернага позірку з арыштаванага і спрабуючы паддобрыцца, паказаць «мірны» намер, ціхім, ліслівым голасам зазначыў:
– Таварыш Жугар… Раптам грамадзянін Жданаў на самай справе не вінаваты і знаходзіцца ў турме па нагаворы? Можа, не зусім добра вешаць на чалавека, як ты раней сказаў, усіх п’явак?.. З яго слоў, ён нікога не падбухторваў супроць савецкай улады, і гэта азначае…
– Што? – у адзін голас прашапталі служкі.
– Раскіньце мазгамі… Былы святар не толькі карысны, ён – знаходка для нашай улады…
– І за што папу гэткі гонар? – Жугар з-пад ілба зірнуў на старшыню выканкама, убачыў у хітраватых вачах вясёлыя агеньчыкі і зразумеў: праверку прайшоў, канешне, калі яна была.
Начальнік міліцыі імгненна набыў статус чалавека вераломнага, а гэта, па паняццях былога зэка, горш за яўнага ворага.
– А за што Жугару гонар – быць сярод нас? – нечакана ўзвіўся Харэвіч з перакошаным ад злосці тварам.
Чэкіст з непрыхаванай асалодай і пагардай, быццам шалудзівае кацяня, тыцнуў былога падначаленага ў крымінальнае мінулае. Не, не мог ён дараваць нядаўняму катаржніку, які пры ім быў на пабягушках, выказаны недавер у вернасці савецкай уладзе, ды яшчэ ў прысутнасці старшыні выканкама. Учэпістыя думкі, абцяжараныя падазрэннем, імгненна перабралі яўных ворагаў (зайздроснікі, незычліўцы ў разлік не браліся) і спыніліся на Маняку, старшыні Дзісенскага ЧК, і Ляскоўскім. Недзе глыбока смылела, шырылася перакананне, што Жугар не з бухты-барахты абвінаваціў яго, начальніка міліцыі, у здрадніцтве. Дужа цяжкая прад’ява, хутчэй за ўсё, ёсць невядомы зламыснік, які не толькі падбухторыў невялікага розуму чалавека, але і ахвяру выбраў і нацкаваў… Па меншай меры на правакацыю ў здрадніцтве. Вагі хістануліся ў бок Ляскоўскага, бо шмат хто гаварыў, што вышукваннем недахопаў і зламысных учынкаў калег па партыі займаецца менавіта ён, старшыня выканкама. Хадзілі чуткі: Ляскоўскі збірае тайнае дасье, кампрамат на кожнага камуніста… Але ж ён заўсёды трымаў са старшынёй дыстанцыю і толькі сягоння ўпершыню сарваўся, калі вешалі на вокны плакат, сітуацыя з якім сама па сабе разрулілася, і субардынацыя засталася непарушанай… Тады хто? Маняк?..
Старшыня Дзісенскага ЧК – чалавек з мясцовых, малаадукаваны халерык, меў мянушку Хуліган, што вельмі адпавядала яго характару, паводзінам і ўчынкам. Харэвіч абыходзіў яго бокам, нават пабойваўся, праўда, не прамінаў выпадку падзяліцца «свежай чуткай» з Ляскоўскім пра налёт Маняка на чарговы хутар ці вёску, бо ведаў, дзе акажацца запіс гаворкі. Пасля яго барацьбы з «ворагамі рэвалюцыі», здаралася, цэлыя сем’і аказваліся ў пастарунку, з бабамі і груднымі немаўлятамі…
Напачатку людзі паверылі новай уладзе: не буржуі, не немцы, не панства (крый божа), а свае – кіраўнікі з сялян і рабочых. Жыхары адкрыта, як таго і патрабавалі камуністы, паведамлялі пра злоўжыванні некаторых службоўцаў, але больш за ўсё скаргі сыпаліся на галоўнага чэкіста павета, нават пісалі ў Мінск і Віцебск. Пару разоў Маняка паўшчувалі на партыйным сходзе, ён паабяцаў стаць узорным камуністам, але гэта былі абяцанкі-цацанкі толькі да першай чаркі. Праз некалькі дзён цвярозага жыцця ўсё паўтаралася наноў: п’янкі, оргіі, дэбошы ў горадзе, рэйды з сабутэльнікамі па вёсках павета быццам бы ў выкрыцці контррэвалюцыянераў, а на самай справе – вымагальніцтва грошай, маёмасці і пошук самагонкі. І раптам скаргі нечакана скончыліся… Праўда, паступіла некалькі заяў на знікненне людзей, і чамусьці незадаволеныя раней дзейнасцю Маняка адмовіліся ад усялякіх прэтэнзій…
І зноў, цяпер ужо канчаткова, пакутлівыя падазрэнні Харэвіча спыніліся на Ляскоўскім… Ён, як заўсёды, прамахнуўся… Старшыня выканкама адносна яго кепскага не планаваў, нават у думках не трымаў. Але чэкіст не памыліўся ў Жугары, які насамрэч трапіў у поўнае падпарадкаванне свайму настаўніку.
Мінулае Жугара было прыхавана ў незгаральнай шафе старшыні выканкама. Ён нарадзіўся і жыў у Ніжнім Ноўгарадзе, там атрымаў дзесяць гадоў катаргі за быццам бы плявок у твар паліцэйскаму. Калі прыйшоў служыць у Дзісенскую міліцыю, сам засведчыў тое. Здзейснены крымінал па рэвалюцыйных мерках – учынак палітычны, лічы, геройскі, і яму паверылі на слова. І як не паверыць, калі ў свой час царскімі служкамі амаль палова міліцыянераў прыцягвалася да адказнасці за розныя парушэнні закона. Па большасці за дробныя крадзяжы, бойкі, хуліганства… Зрэшты, на службу дробных жулікаў бралі з задавальненнем, яны лічыліся пакрыўджанымі царскім рэжымам і, што істотна, збольшага разбіраліся ў судовай сістэме, кожны – у асабіста парушаных крымінальных ці адміністрацыйных артыкулах.
Жугар аказаўся ў сваім асяродку, нават лічыўся вышэй рангам, усё ж на катарзе быў не за крадзёж курыцы ці кумпяка ў добра падпітага, разяватага мужычка на кірмашы. Напачатку ён паводзіў сябе вольна, нават фанабэрліва, казыраў смеласцю, асабліва рваўся на правядзенне вобшукаў, дзе заўсёды што-нішто каштоўнае прыліпала да рук.
Але як толькі выхаваннем маладога камуніста заняўся Ляскоўскі, Жугар імгненна прыціх, стаў цішэй вады, ніжэй травы і, што зусім выглядала недарэчна, да старшыні выканкама пачаў звяртацца толькі на «Вы». І было з чаго! Пакуль чэкісты і міліцыя чакалі канца вайны, Ляскоўскі накіраваў запыт адносна Жугара ў Ніжні Ноўгарад і Маскву. Як ні дзіўна, адказ атрымаў са сталіцы і, перш чым спісаныя дробным почыркам паперы схаваць у незгаральную шафу, аднавіў памяць наваспечанаму камуністу, зачытаў рашэнне прысяжных і крымінальныя артыкулы, па якіх той адбываў пакаранне. Гэта быў зусім не плявок па палітычных матывах у твар паліцэйскаму… Сядзеў ён за рабункі і разбоі…
Жугар маўчаў, чакаў рэакцыі Ляскоўскага. Харэвіч таксама ўважліва сачыў за старшынёй, але цікавіла яго не тое, што скажа, а як прагучаць словы, як паглядзіць і… ці зацярэбіць сваю казліную бародку?..
Гульня ў маўчанку зацягнулася настолькі, што служкі закону не адразу заўважылі, што арыштаваны хістануўся і, губляючы раўнавагу, павольна пачаў асядаць і неяк бокам ссунуўся на падлогу. Прысутныя спахапіліся, і Жугар, як звычайна, памкнуўся садануць ляжачага нагой, але Харэвіч яго спыніў, рэзка адштурхнуў, прыглушана прасіпеў:
– З глузду з’ехаў… Не дзеля гэтага яго даставілі…
– Правільна, таварыш Харэвіч, – задаволена ўсміхнуўся Ляскоўскі, зірнуў на Жугара, дадаў: – Раптам поп уступіць у партыю, стане старшынёй выканкама ці… – зрабіў шматзначную паўзу і, з вымучанай, узрушанай мінай на блазенскім твары, заклапочана запытаўся: – Раптам скокне Жданаў у начальства вышэйшае, чым мы?.. Што рабіць будзем?
– Вады прынясу… Жывой… – разгублена буркнуў Жугар, зрабіў некалькі няспешных крокаў да круглай грубкі, каля якой на нізкім зэдліку стаяла вядро.
Гэтак жа павольна вярнуўся і ўжо наважыўся лінуць ваду ў твар ляжачаму, але не паспеў: вядро выхапіў Ляскоўскі.
– Галава пустая!.. – крыкнуў старшыня. – Ты што, варам абліты?
– Я не доктар, але з небыцця ўміг вяртаю… – насуплена адказаў Жугар, пакрыўджана шморгнуў носам, дадаў: – Іншых метадаў не ведаю…
У гэты момант арыштаваны застагнаў, расплюшчыў вочы і безуважным, блукаючым позіркам агледзеў прысутных, сасмяглыя вусны прашапталі:
– Вады…
– Яны ўсе вады просяць… – пакрыўджана буркнуў следчы, склаў рукі на грудзях і адступіў на некалькі крокаў ад ляжачага.
Ляскоўскі паставіў вядро, крутнуўся да стала і з пузатага графіна, якому коркам служыла высокая чарка без ножкі, наліў вады, зірнуў на калег, убачыў дзёрзкія ўчэпістыя вочы Харэвіча і павольна, каб не расплёскаць вадкасць і не змачыць паперы, што ў беспарадку ляжалі на стале, вярнуў чарку на месца.
«Нельга піць з адной шклянкі з папом… – мільганула асцярожная думка. – Жугар – тупіца, якіх пашукаць, а вось начальнік міліцыі пры зручным выпадку можа перакруціць маю зацікаўленасць у прыяцельства, і гэта – у лепшым выпадку…»
Ляскоўскі загадаў Жугару:
– На зэдліку каля вядра кубак, прынясі.
– Ужо, – услужліва гукнуў следчы і выцягнуў з кішэні шыняля невялікі металічны кубак, які прыхапіў адразу, панура зірнуўшы на Харэвіча, з’едліва працадзіў: – Поп – твой пратэжэ, ты і абслугоўвай…
– Я сам… – цяжка падымаючыся з падлогі, прастагнаў бацюшка, але без падтрымкі ўстаць не змог.
Дапамог Харэвіч, ён і кубак з вадой падтрымаў, пакуль святар цяжка цадзіў ваду ўжо бяззубым ротам.
Ляскоўскі паставіў каля Жданава табурэт, прапанаваў сесці і ў чаканні сцішыўся. Ён быў задаволены: гаворка з арыштантам страчвала ўсялякі сэнс, як і само існаванне гэтага чалавека… Харэвіч і Жугар зрабілі нашмат больш за тое, на што Ляскоўскі разлічваў. Надалей адпадала ўсялякая патрэба траціць час на паўмёртвага папа, засталося трошкі пакуражыцца, пусціць пыл у вочы, магчыма, прыдумаць некалькі неверагодных небыліц пра перавыхаванне папа хоць бы ў камісара і, дачакаўшыся ад Маляўкі «гэшэфт» (згадаў любімае слоўца будучага цесця), выканаць абяцанае – расстраляць…
– Улічваючы стан Жданава, думаю, сягоння размовы не атрымаецца, ды і не трэба. Поп пачуў прапанову Харэвіча… – Ляскоўскі цяжка ўздыхнуў, зрабіў паўзу і, надаючы голасу як мага болей жалю (і гэта, як ні дзіўна, у яго атрымалася), са скрухай дадаў: – На маёй брычцы трэба адвезці сядзельца ў турму, размясціць у асобнай камеры, чуў, трынаццатая вольная, і, па магчымасці, забяспечыць нармальным пайком, – ён з-пад ілба зірнуў на арыштаванага, дадаў: – Спадзяюся, ты, Жданаў, пачуў прапанову начальніка міліцыі і ўцяміў, што чалавеку выратавальная карта выпадае адзін раз у жыцці… Сягоння гэтая казырная масць выпала табе…
Бацюшка ўжо трошкі ачуняў, рэзь і пякучы да знясільвання боль у жываце (наступствы біцця нагамі) пачалі аціхаць, у галаве прасвятлела. Халодная вада насамрэч аказалася гаючай. На прапанаваны табурэт не сеў, на допытах паспеў зведаць подлую хітрасць наглядчыкаў з катаваннем пры дапамозе табурэта.
– Вас кепска бачу… – цяжка, але выразна прамаўляючы кожнае слова, прыжмурваючы вочы, ціха прамовіў святар. – Калі можна, вярніце акуляры, каб не толькі бачыць, але і чытаць любімае…
– Жугар?! – ускрыкнуў, перапыніў бацюшку Ляскоўскі, які імгненна ўцяміў, што за чытанне наважыўся прасіць арыштант, і не мог дапусціць, каб прагучала слова «Евангелле».
Тады яго хітрыкі і прытворныя намаганні – кату пад хвост. Старшыня перавёў позірк на Харэвіча і, ледзь стрымліваючы нечаканы парывісты гнеў, строга, чаканячы кожнае слова, бескампрамісна заявіў:
– Жданаў стаў на шлях падтрымкі савецкай улады, значыцца, трэба вярнуць шкельцы і забяспечыць яго газетамі… Нашымі, рэвалюцыйнымі…
– Гэта мы зараз, – спахапіўся Жугар, твар якога расплыўся ўслужлівай пачцівай усмешкай. – Папоўскія акуляры ляжаць у Вас на стале, а з газетамі ў нас дэфіцыт, на самакруткі не хапае, – цяжка ўздыхнуў, з непрыхаваным жалем дадаў: – Папяросы, канфіскаваныя ў купца, гэтак званага спекулянта, дасталіся толькі начальству.
– Акуляры, што забыўся ў маім кабінеце Маляўка, вярнуць!.. – раздражнёна крыкнуў старшыня і, раз’юшана зіркнуўшы на следчага, пагрозліва прашаптаў: – Ты, Жугар, зусім ідыёт? Хто дазволіў рэвалюцыйныя газеты ўжываць на самакруткі?.. Гэта знявага савецкай улады… А калі высветліцца, што, апроч самакрутак, карыстаешся газетай у іншых непрыстойных месцах і партрэтамі правадыроў падціраеш…
– Што Вы, што Вы! – ускрыкнуў, затросся ад страху Жугар. – Была толькі адна самакрутка… Даю слова камуніста…
– Таварышы, гэтая размова не для старонніх вушэй. Вінаватых, калі яны будуць, прыцягнем да адказнасці на партыйным сходзе, – прабасіў Харэвіч і, ступіўшы некалькі крокаў, наўмысна прыкрыў сабой следчага.
У начальніка міліцыі спрацавала пачуццё самазахавання, ён паспеў зведаць помслівы характар старшыні, а сягоння і сам стаў сведкам махлярства, мо нават хабарніцтва. Ратуючы аўтарытэт калегі-камуніста ад непрыемнасцей, у першую чаргу засцерагаў сябе… Па тым, як Ляскоўскі, вокам не міргнуўшы, уюном выслізнуў з крымінальнай сітуацыі, нават скарыстаў нявыкрутку на сваю карысць, канчаткова зразумеў: з ім лепш сябраваць, чым варагаваць, канешне, да часу, пакуль на руках не з’явяцца кампраметуючыя важкія факты. Не хаваючы на твары іранічнай двухсэнсавай ухмылкі, паглядзеў на старшыню выканкама і ўпэўнена ці то прапанаваў, ці то загадаў:
– Цяпер следчы няхай дапаможа даставіць папа ў турму.
Ляскоўскі з палегкай уздыхнуў, у вачах бліснуў удзячны агеньчык:
– Гукну вартавому, каб даў каманду вазніцы.
Харэвіч задаволена кашлянуў у кулак і, выводзячы арыштаванага з кабінета, па-сяброўску штурхнуў следчага ў плячо, павучальна, нават кпліва зазначыў:
– Памятай, Жугар, поп сапраўды можа стаць і камуністам, і вялікім начальнікам… У рэвалюцыйных газетах шмат пішуць пра таварышаў Леніна, Сталіна, іншых кіраўнікоў дзяржавы… Каб чытаў прэсу, а не самакруткі смаліў, ведаў бы, што яны таксама былі сядзельцамі, а святары… – кіўнуў на аслабелага Жданава і, падтрымаўшы яго на крутых сходах, рашуча дадаў: – Яны адмаўляюцца ад папоўскага сану, і ад маўляюцца даволі актыўна, – прыгадаў нядаўна чутыя ад Ляскоўскага прозвішчы святароў, пераканаўча дадаў: – Нядаўна газеты пісалі пра Гарохава, Рашэтнікава, Папова… Адракліся папы ад сану, сталі камуністамі і ваююць цяпер з белагвардзейцамі. Скажы, чым шаркаўшчынскі поп горшы за піцерскага, пскоўскага ці краснаярскага?
– Сядзельцам быў, папом – не давялося, таму нічога сказаць не магу… А пра газеты ведаю самае што ні на есць галоўнае: калі папера танейшая і мякчэйшая – самакрутка смачнейшая…
Ужо сядалі ў павозку, калі на вуліцу выбег расхрыстаны Ляскоўскі і, торкнуўшы Харэвічу ў рукі акуляры, выпаліў:
– На твой пагляд: хочаш – вярні, хочаш – выкінь… – перавёў позірк на следчага, узвысіў голас, строга загадаў: – А ты, Жугар, пракантралюй, каб поп падрабязную біяграфію напісаў.
Харэвіча нечакана ахапіла прагнае, з’едлівае жаданне прыструніць нахабніка, які зарваўся, перайшоў усякія межы субардынацыі. Пасада начальніка міліцыі роўная пасадзе Ляскоўскага, нават вышэйшая, калі ўлічыць абавязкі чэкіста, і ен не мог дазволіць на людзях сабой камандаваць. Чэкіст набраў поўныя грудзі паветра, каб адным духам выказаць даўнюю пагарду, але Ляскоўскі ў гэты момант дакрануўся да яго пляча і проста, па-сяброўску папрасіў:
– Франц, не падвядзі! На цябе ўся надзея, – па-вайсковаму крутнуўся і знік за параднымі дзвярамі выканкама.
– Вось табе, бабка, і Юр’еў дзень, – паўшэптам выдыхнуу Харэвіч, па-пакутніцку ўсміхнууся і ў думках сябе ж паўшчуваў: – Авечку стрыгуць, а баран дрыжыць… Гэта пра мяне!.. Ну і спрытны ж ты, таварыш Ляскоўскі, дзе толькі навуку махлярскую асвоіў?.. У вёсцы гэткаму не вучаць. Добра было б тваю асабовую справу пачытаць. Капеечную справу мімаходзь на мяне пераклаў і вінаватым «па-сяброўску» назначыў… Што будзе, калі папоўскія акуляры на самай справе выкіну?.. Ён жа сляпы і без іх нічога не напіша. А калі зраблю, як хоча старшыня, а Жданаў не спраўдзіць нашых кволых надзей і не адрачэцца ад Бога?.. Як ні круці, а за ўсё мне «па-сяброўску» адказваць… Не, нешта ты, таварыш Ляскоўскі, не дагаворваеш, махлюеш. Але ж як даведацца што?..
1919 г.
Пятага красавіка,
субота
Мінула некалькі дзён, як бацюшку Канстанціна па загадзе Ляскоўскага памясцілі ў вольную трынаццатую камеру і «палепшылі» ўмовы прабывання: кінулі ў далёкі кут пад высокім маленькім акном, перакрыжаваным тоўстымі кратамі, вялікую ахапку яшчэ пахучага меданоснага разнатраўя. Праз паўгадзіны маўклівы медзведзяваты ахоўнік прынёс вячэру: кубак кіпеню і кавалак чэрствага хлеба. На выхадзе прыпыніўся, прагугнявіў:
– Для цябе, поп, умовы не змяніліся, – памаўчаў, дадаў: – Кухні няма…
– Ведаю, усё ведаю, – трымаючы гарачы кубак у далонях, паспрабаваў перапыніць ахоўніка святар.
Дзяцюк і вокам не павёў, быццам і не чуў Жданава, ён выгаворваў тое, што павінен быў паведаміць па інструкцыі нанава прыведзенаму арыштанту. Гэтая працэдура, было відавочна, яму вельмі прыемная. Хваравітае адчуванне ўлады ўзвышала і прыносіла задавальненне.
– Хочаш есці лепей, каб было першае, другое і кампот, – грошыкі заплаці… Калі золата няма, сярэбраны посуд вазьму… Калі нічога не маеш, магу на волю вестку перадаць… – у калідоры хтосьці гучна крыкнуў, пачуўся тупат, жаночы істэрычны плач; ахоўнік адразу змяніў тэму гаворкі: – Фронт блізка, вось і разбегліся пацукі-кашавары… Баязліўцы, здраднікі!.. Маракуюць, што белякі верх возьмуць… Светлую будучыню прыраўнялі да панюшкі табакі, і ніхто не хоча жыццём рызыкаваць… Маўляў, няхай іншыя… Яны ж потым, пасля нашай перамогі, першымі шуснуць на гатовенькае… Адным словам, кухараў няма, а ся-дзельцы харчуюцца тым, што з волі прынясуць… Вестку радні ці таварышам перадам абавязкова.
Пасля ўзнёслага маналога служка выглядаў задаволеным, нават узрушаным, зачыняючы дзверы, прыслухаўся да цішыні ў калідоры і ў нейкі момант не вытрымаў, паказаў сябе сапраўднага, без падманнай мішуры:
– Магу, прынамсі, і таварышкам пачціва наказаць, канешне, калі яны ў цябе ёсць, – з упартай надзеяй на спажыву не сунімаўся ахоўнік, але, успомніўшы ранейшую няўдалую спробу выцягнуць з папа хоць некалькі рублёў, прыкра зіркнуў звужанымі, запалымі вачамі, і гэты позірк арыштанту нічога добрага не абяцаў.
Закадычны гулец у карты за непавагу да сябе і, асабліва, да займанай пасады вырашыў адыграцца за ранейшае і сягонняшняе, па яго меркаванні, абражанае самалюбства. Ахоўнік быў перакананы: калі з сядзельца няма чаго ўзяць, ён мае права на знявагу і справядлівую помсту, можа напоўніцу, колькі душа пажадае, пакуражыцца з маўклівай і цалкам залежнай ахвяры. Тым больш што за папом даручыў прыглядваць сам Маляўка. Наглядчык задаволена пацёр далоні, ашчэрыў да неверагоднасці скрыўлены рот з вялізнымі, як у каня, іржава-жоўтымі зубамі, здзекліва рагатнуў:
– Папам блудзіць нельга, але ж мы ўсе людзі, а голад, як вядома, не цётка… Здзелка тайная і толькі між намі… Таварышак тваіх моцна прыгалублю… Будуць задаволеныя… А табе, поп, прынясу ўзнагароду: жратву і бутэлечку гарэлкі. Пагаджайся, пакуль выбар ёсць…
Не дачакаўшыся ні адказу, ні просьбаў, абыякава перасмыкнуў плячыма, грукнуў цяжкімі металічнымі дзвярмі, бразнуў засаўкай і ўжо з калідора крыкнуў:
– Я пачакаю, а ты памятай: у каго губа тоўстая – пуза тонкае…
Ахоўнік чакаў нядоўга, вярнуўся праз дзве гадзіны, калі бацюшка, змораны дзённай незразумелай валтузнёй вакол яго, памаліўся і, зарыўшыся ў пахучае сена, заснуў. Наглядчык падкраўся ціхенька, на дыбачках, нахіліўся над спячым і дзіка, надрыўна крыкнуў у самае вуха:
– Поп, соль табе ў вочы і перац у нос!.. Ха-ха-ха… Расказвай, з кім блудзіш… Дзе твае каханкі?..
Бацюшка Канстанцін падхапіўся, спуджана замахаў рукамі… А блюзнер крычаў ужо з калідора ў прачыненае дзвярное акенца:
– …І соль табе… і перац у нос… і гэтак, поп, будзе да твайго скону…
Прыдуманы метад уздзеяння на арыштаваных наглядчык прымяняў з царскіх часоў і заўсёды дабіваўся свайго. Калі сядзелец не пагаджаўся падзяліцца крадзеным, катаванне пужлівым сном дзейнічала бездакорна. Агідны метад пачаў прымяняць пасля таго, як у яго на кірмашы ў мястэчку Лужкі злодзей жыўцом зрэзаў кішэнь. Грошай было – кот наплакаў, а вось новая дублёнка аказалася цалкам сапсаванай.
Бацюшку Канстанціну было цяжка змірыцца з брыдкімі, зневажальнымі жартамі жорсткага, распуснага, помслівага ахоўніка, які чамусьці працаваў без выхадных. Ноччу спаць не даваў, а ўдзень, заходзячы ў камеру, з насмешкай зноў гарлапаніў пра неіснуючых «таварышак». З яго тоўстых, быццам наўмысна тлушчам змазаных вуснаў, якімі наглядчык пастаянна прыцмокваў, зляталі неверагодна абразлівыя словы, і бацюшка разумеў, што дзяцюк знарок выбівае яго з каляіны, спакушае, прымушае зрэагаваць, чакае абразы ў свой бок. А потым?.. Потым будзе зручны момант пусціць у ход кулакі-кувалды… Бацюшка цярпеў, трымаў сябе ў руках, не паказваў, што начны істэрычны крык, здзеклівы пярэпалах і дзённае словаблудства яго закранаюць. Моўчкі чытаў малітву і прасіў Госпада наставіць на розум чалавека недалёкага і ад улады, што гэтак нечакана яму дасталася, ачумелага.
Апошнія некалькі дзён думкі наглядчыка былі занятыя толькі адным: за што, за якія заслугі перад савецкай уладай арыштаванаму папу ў перапоўненай турме выключная і зусім незразумелая міласць – асобная камера. Не дачакаўшыся ад бацюшкі ні грошай, ні сярэбранага посуду, прыносіў два разы на дзень гэтак званы сухі паёк: хлеб і кіпень. Праз дзень была міса нішчымнай рыбнай поліўкі, а дакладней, зваранай рыбнай скуры з луской.
Бацюшка не перапыняў абразлівыя маналогі ахоўніка, рабіў выгляд, што слухае, і маўчаў. Ведаў: кожнае слова, пачутае карыслівым чалавекам, можа быць пераказана ў іншым, хутчэй абвінаваўчым падтэксце. Як толькі яго арыштавалі, зразумеў: цуд сапраўды адбудзецца, калі ён, невінаваты, будзе апраўданы. На ахоўніка крыўды не трымаў: што ўзяць з чалавека, які па неабдуманасці ці па сваім глупстве гаворыць брыдоту. Святар моўчкі трываў наканаванае.
Палікарп турэмным наглядчыкам служыў заўсёды: і пры царскай уладзе, і пры Керанскім, і пры немцах, цяпер пры Саветах. Ніколі не хваляваўся, што можа застацца без працы, быў перакананы: любой уладзе патрэбны чалавек, які добраахвотна большую частку, а можа, і ўсё жыццё, правядзе ў турме. Так здарылася, што ў яго нават свайго кутка за сценамі каземата не было, пятнаццаць гадоў таму атабарыўся ў больш-менш прыладжанай пад жыллё камеры. Яму зручна: клопату аб уладкаванні аніякага, а начальству і калегам пры ўсіх уладах выгада ўдвая – свой чалавек заўсёды на працы.
Здаралася, сядзельцы бунтавалі, і ён зрабіў нечаканую для сябе выснову: рознага калібру начальству няма ніякай справы да таго, як і хто ў турме парадак трымае, сядзелец ці ахоўнік. Для турэмнага служкі, як і для сядзельца, рукапацісканне мірскіх людзей лічылася абразай, што змяю за хвост патрымаць. І той, і другі неба бачылі праз краты, абодва аднолькава прапахлі дурманлівым, як пракіслым, моташлівым турэмным духам, абодва ў пастаянным страху за сваё ўбогае жыццё. Сядзелец баіцца стаць інвалідам ці сканаць на допыце, наглядчык – атрымаць заточку пад рэбры…
І раптам здарылася неверагоднае: яго, турэмнага наглядчыка, прынялі ў камуністы. Калі атрымоўваў дакумент, Палікарпу гучна пляскалі ў ладкі, а калі выкрыкнуў няўцямныя, на ягоны пагляд, хітрыя словы, завучаныя па загадзе Маляўкі: «Усё жыццё быў нічым, а цяпер – я стаў усім!» – людзі, стоячы, крычалі шматлікае «ўра!».
Сягоння, у суботу, з наглядчыкам адбылося нешта надзвычайнае: Жданаву на абед ён прынёс адменны боршч, некалькі бульбін, звараных у мундзіры, цыбуліну і падсалоджаны кіпень. Што было зусім дзіўна, стравы размясціў на металічным, месцамі паржавелым падносе. Ежу паставіў не каля дзвярэй, як звычайна, а на чыстым і свежым месцы, пад акном на табурэце, які таксама прыхапіў з сабой. Спыніўся каля дзвярэй і нясмела, перасільваючы няўцямнае хваляванне, буркнуў:
– Мяне Палікарпам клічуць…
З самага рання раздражнёны ахоўнік усхвалявана таптаўся па сваім заканурку ў безнадзейнай глыбокай роспачы. Нарэшце і да яго вушэй дайшла ашаламляльная, а па вялікім рахунку, знішчальная чутка: мінскае начальства быццам бы загадала прыняць шаркаўшчынскага папа ў партыю бальшавікоў, зрабіць яго камісарам і адправіць на фронт, так бы мовіць, падымаць баявы дух Чырвонай арміі. Ад грознай навіны ў Палікарпа ледзь сэрца не вылузнула з грудзей, адразу прыйшло трывожнае ўсведамленне: «Вось сапраўдная прычына, па якой поп аказаўся на асаблівым, лічы, ільготным становішчы. Але што будзе са мной, з папоўскім ахоўнікам?.. Я здзекаваўся з класавага ворага, кулакамі і нагамі лупіў гідру рэвалюцыі… А поп раптам спатрэбіўся савецкай уладзе, і што цяпер?.. Мяне, выканаўцу чужых загадаў, будуць судзіць? Пакаранне, верагодней за ўсё, будзе несправядлівым і незаслужаным… Няўжо наперадзе нялюдскі, бясслаўны канец?.. Яшчэ паўбяды, калі выганяць з камуністаў, і стану зноў тым, кім быў раней: пустым месцам… Адчуваць сваю нікчэмнасць – не прывыкаць, хоць і вельмі шкада партыйнага пайка, але ж можа здарыцца і найгоршае…»
Палікарп упершыню сутыкнуўся з праблемай, якую павінен вырашыць сам, без звычайнага суровага загаду і чыёйсьці падказкі. Часу на роздум не ставала, трэба было як мага хутчэй ратаваць сябе, сваё жыццё, што гэтак недарэчна магло скончыцца… І вінаваты сам: рабскае жаданне безаглядна дагаджаць начальству карысці не прынесла, і пэўна ніколі не прынясе… У зробленай выснове наглядчык больш ні кропелькі не сумняваўся. Да гэтага дня ён бязмежна давяраў грозным кіраўнікам Дзісенскага павета і разам з імі, а дакладней, па іх прыкладзе, думаючы толькі пра тое, каб яго заўважылі на партыйных сходах, вышэй, чым прысутныя, цягнуў руку ўгору за ліквідацыю здраднікаў і тайных ворагаў новай савецкай улады.
Цяпер, калі поп аказаўся заадно з бальшавікамі, Палікарпу пачала мроіцца лаўка падсудных, бачыцца найгоршае. Яшчэ ніколі ў жыцці ад думак не балела галава, не слязіліся вочы, не кідала ў гарачку, не дрыжэлі рукі. Калі дарэшты змучылі душэўныя перажыванні і, здалося, зусім выбіўся з сіл, позірк патухлых вачэй нечакана зачапіўся за рулю вінтоўкі, што выглядвала з-за грубкі. Менавіта ў гэты адчайны момант праслізнула апошняя і, як здалося, бяскрыўдная, нават выратавальная думка: «Можа, лепш так, чым матляцца ў пятлі?..»
Раптам на чорную рулю спланіравала вялікая тлустая муха з зеленаватым адлівам. Яна агледзелася, пачала прыбірацца, лапкамі пачысціла лупатыя вочкі, потым крылцы і толькі пасля гэтага паволі, часта спыняючыся, папаўзла на прыцэльную мушку вінтоўкі. Палікарпа як токам ударыла, ён рэальна адчуў на сваім целе гэтыя шумлівыя крылцы і гідкія лапкі, а яшчэ адчуў, як захісталася і сыходзіць з-пад ног падлога, як кроплі ліпкага поту цякуць між лапатак, па скронях і шыі… Не, ён не хоча, каб гэтая ўсюдыісная пачвара поўзала па яго мёртвым целе… А муха, быццам адчуўшы яго трагічнае хваляванне, страпянулася, натужна загула, але не ўзляцела, яна, здавалася, паказвала чалавеку, як кепска і няўтульна на рулі. Ёй, самай вялікай і тлустай сярод суродзічаў, павінна належаць месца лепшае і смачнейшае, чым кусок жалязякі…
– Ну ты ў мяне зараз атрымаеш смакату, – глуха прамармытаў ахоўнік і, ухапіўшы анучы, якія падсыхалі на прыпечку грубкі, рэзка, з усёй моцы сцебануў па вінтоўцы.
Муха, гнаная вечным страхам за сваё жыццё, шустра сіганула ўгору, мітусліва закруцілася пад столлю і, спрабуючы вырвацца ці хоць схавацца ад небяспекі, кінулася на бледнае хісткае святло, што слаба лілося з адзінага маленькага акенца, некалькі разоў гучна стукнулася ў змрочнае шкло, немінуча заблыталася ў пагібельным павуцінні і працяжна, вінавата-пранізліва загула.
– Хоць нейкая карысць ад турэмнага акенца, – усцешана гукнуў Палікарп і гучна засмяяўся.
Ён сузіраў жорсткую расправу над мухай і ў нейкі момант адчуў сябе сведкам спрадвечнай трагедыі. Навязлівыя перажыванні аб сваёй кепскай долі паволі пачалі саступаць месца яшчэ слабай, невыразнай і ўсё ж надзеі на лепшае.
Ахоўнік з удзячнасцю пазіраў на вялізнага чорнага павука, які ўвішна спавіваў самаўпэўненую, безнадзейна гінучую ахвяру. Ён быццам падказваў Палікарпу перспектыву збаўлення ад беспрасветнай фатальнай журбы. Згадка, што відавочцаў яго здзеку з Жданава не было, падштурхнула да неадкладнага дзеяння, дала рэальную надзею на збаўленне ад навіслай пагрозы расправы.
«Паспрабую ўлагодзіць Жданава, – разважаў Палікарп. – Трэба аблытаць яго чым-небудзь прыемным, добрым… Толькі дзе ўзяць тое прыемнае і добрае, калі ў маіх абавязках і намёку няма на спагаду, тым больш на жаласць. Сіла, спрыт, непрыступнасць, д’ябальская злосць – вось арсенал турэмнага наглядчыка. Я – безадгаворачны выканаўца чужых загадаў, але, як аказалася, той, хто аддаваў загады, застаўся ўбаку, а я, невінаваты, стаў вінаватым і буду пакараны. Хто б падказаў, што мне рабіць? Скардзіцца на шматлікіх начальнікаў – сабе даражэй… Але ж трэба неяк дагадзіць папу… Хіба кінуць здзекавацца і пачаць яго карміць?.. Яму будзе добра, і турэмная інструкцыя не парушыцца… Гэта ж мая прыдумка: хачу кармлю, хачу грошыкі ці маёмасць спаганяю… У крайнім выпадку, кінуся ў ногі і буду слёзна маліць, каб скаргаў не пісаў. Раптам Жданаў зжаліцца?.. Ён жа поп, яму па абавязку паложана шкадаваць людзей, быць добрым і спагадлівым…»
Ахоўнік ухапіўся за гэтую, на яго пагляд, дзёрзкую, але выратавальную думку і, па сваім сялянскім разуменні, пачаў выпраўляць сітуацыю. Запёк у грубцы бульбу, зварыў боршч з мясам, расстараўся і смятанкі, паклаў у кішэнь цыбуліну… Нейкі час углядаўся ў палову пляшкі гарэлкі: «Наліць? Не наліць?» Верх узяло «не наліць». Самому нічога не заставалася, а без гэтага зелля чамусьці апошнім часам жыццё рабілася не ў радасць.
Старанні ахоўніка бацюшка ацаніў, але ад галоўнай стравы, баршчу, адмовіўся. Ён не адмахнуўся і нічога не сказаў, наадварот, шчыра падзякаваў, узяў бульбіну, яшчэ гарачую, і, доўга трымаючы ў далонях, напоўніцу ўдыхаў хвалюючы раскошны пах.
– Дымком… печчу… домам пахне, – напаўголасу прашаптаў бацюшка і, з удзячнасцю, нават усцешана зірнуўшы на свайго ката, зазначыў: – Боршч выдатны!.. Але ж пост… І цыбуліна для мяне харч больш не ядомы… Зубы былі – і няма.
– За выбітыя зубы прашу прабачэння. Не мая воля, загад выконваў… – вінавата, з надломам задрыжэў голас Палікарпа. – Заяўляю, што з майго боку больш не будзе ні абразы, ні пагрозаў, ні здзеклівых пужлівых крыкаў… – ён зрабіў невялікую паўзу, набраў поўныя грудзі паветра, угодліва прамармытаў: – Таварыш поп, на здароўе, ешце ўсё… І ведайце: камуністы адмянілі старарэжымныя парадкі, у першую чаргу – царкоўныя…
Ён ціха, на дыбачках выйшаў, зачыніў дзверы камеры, якія ў адказ, быццам разумеючы непрытворны смутак турэмнага ключніка, па-сабачы аглушальна і злосна не цяўкнулі, як заўсёды, і не скрыгатнулі металічнымі завесамі.
Палікарп, задаволены прыдумкай праз харчаванне ўвайсці ў давер да Жданава, вярнуўся да сябе і толькі паспеў выпіць гарэлкі і пару разоў сёрбнуць з апалоніка зачэрпнуты з каструлі яшчэ цеплаваты боршч, як дзверы наросхрыст расчыніліся і ў заканурак уваліўся Маляўка.
Прозвішча мясцовага начальніка камуністаў цалкам адпавядала выгляду: шчуплы, маларослы, заўсёды злы… Каб выглядаць хоць трохі вышэйшым, насіў пашытую на заказ празмерна высокую папаху і кірзавыя боты з двайнымі абцасамі, падбітымі металічнымі набойкамі. Побач з дзябёлым наглядчыкам ён выглядаў падлеткам, ні больш ні менш. Маляўка, чырвоны ад зацятай, кіпучай злосці, адразу пайшоў у наступ:
– Ты, чучала гарохавае! – істэрычна закрычаў ён. – Надумаў баршчом і аладкамі карміць ворага рэвалюцыі?.. Калі наняўся брахаць, то брашы!..
Палікарп разгубіўся, ён не чакаў гэткага напору і як стаяў, так і плюхнуўся на дубовы табурэт… Гэта ў вачах Маляўкі выглядала нармальна, бо менавіта па яго ўказанні ахоўнік абавязаны быў вочы ў вочы размаўляць з ім, як загадаў лічыць сябе галоўным камуністам павета, а гэта магло адбыцца толькі ў адным выпадку: калі турэмны наглядчык сядзеў на табурэце.
Алкаголь паспеў зрабіць сваю хмельную справу, паддаў смеласці. Палікарп памкнуўся быў устаць, каб з большым эфектам агучыць загадзя прадуманы адказ шэфу, але Маляўку дастаткова было пакласці руку на плячо, быццам прыкаваць бамбізу да табурэта.
– Мне загадалі добра карміць папа… Боршч прыгатаваў, аладак не было, – шукаючы выйсця, прашаптаў, залыпаў вачамі Палікарп і, заікаючыся, напружана дадаў: – Ён адракаецца ад веры, атрымоўвае мандат камісара і мабілізуецца на фронт…
– Ты што, блёкату аб’еўся?! – узвіўся Маляўка і ўжо наважыўся ўдарыць неслуха ў твар, нават кулачком замахнуўся, але скасіў вочы на сціснуты апалонік у агромністым кулаку наглядчыка, якраз з яго галаву, і пыхі імгненна паменела.
Адхіснуўся, сашчапіў за кволай спінай свае дзіцячыя далонькі і, нешта абдумваючы, узад-уперад зашпацыраваў па закутку, дробна і гучна затупаў падкаванымі абцасамі.
– Каб твой рот змярцвеў!.. – бубніў, лаяў некага Маляўка. – Хлус сквапны, без нажа зарэзаў… Скулу табе, а не золата… – спыніўся каля збітага з панталыку Палікарпа і, свідруючы служку злымі, шклянымі вачамі, прахрыпеў хліпкім голасам: – Чуткі пра шаркаўшчынскага папа – інтрыгі і падкопы здраднікаў. Табе, таварыш Палікарп, партыя даручыла адказную і важную справу – ахоўваць ворагаў рэвалюцыі, а ты, добрая душа, паддаўся нікчэмным нагаворам, наіўным чуткам і, што вельмі кепска, засумняваўся ў савецкай уладзе. Яшчэ маленькі крок… Не!.. Усяго паўкроку – і не заўважыш, як станеш у адзін строй з ворагамі… як камуніст і старшы начальнік, не магу прайсці міма таварыша, злыднямі падманутага. Калі мне не верыш, запытайся ў Жданава, развяжы святошу язык, і дазнаешся сапраўдную прычыну хітрыкаў вакол яго… І не зіркай на мяне малавернымі авечымі вачыма. Зрабі тое, што добра ўмееш, і поп, успомні маё слова, расколецца, раскажа сваю нявыдуманую праўду, схаваную за анёльскім выглядам. Іншымі метадамі не дакапаешся да сапраўдных папоўскіх думак пра камунізм, пра камісараў і нашу вайну з белякамі… Адзначу, што думкі тыя – контррэвалюцыйныя… – зрабіў невялікую паўзу, са скрухай у голасе дадаў: – Заўваж, я не пытаюся, хто ўклаў забабоны, ганебную лухту табе ў вушы, бо ведаю, што камуніст Палікарп зробіць правільны вывад.
Маляўка спыніўся насупраць наглядчыка, паклаў бамбізе далоні на плечы, строга зірнуў у шырока расплюшчаныя рабскія вочы, і тонкія вусны павольна скрывіліся ў пераможнай усмешцы. Ён адчуваў: зараз абавязкова даведаецца, хто яшчэ дзейнічае супраць яго ў суполцы з Ляскоўскім, хто можа прэтэндаваць на царскія рублікі, скрадзеныя шаркаўшчынскім царкоўным старастам, і не памыліўся.
Палікарп аблізнуў тоўстыя вусны, напружана прамовіў:
– Следчы Жугар сягоння раніцай распавёў пра папа, – сказаў, спахапіўся, паспрабаваў стаць на ногі, але зноў яго намер не ўдаўся.
Маляўка, чырвоны ад неймавернага напружання, здолеў утрымаць волата на табурэце, яму, маларосламу, неабходна было бачыць твар ахоўніка. Калі нарэшце угледзеў у хмельных вачах мітуслівыя агеньчыкі страху, з наўмыснай абыякавасцю перапытаў:
– Няўжо ў бядовай галаве Жугара магла з’явіцца неверагодная прыдумка аб перавыхаванні Жданава?..
– Гэтага не ведаю, але тры дні таму ён разам з Харэвічам ужо прыцемкамі даставіў папа ў турму з допыту ад Ляскоўскага.
– І што?.. – стрымліваючы нецярплівасць, прашаптаў Маляўка.
– Загадалі больш не біць і размясціць у асобнай камеры. З вольных памяшканняў аказаўся толькі ранейшы склад. Пры цару ў ім трымалі канфіскаваную маёмасць, а пасля рэвалюцыі местачкоўцы не толькі сядзельцаў выпусцілі, яны і маёмасць раскралі… Каб зрабіць памяшканне прыдатным для ўтрымання арыштантаў, патрэбны хоць бы дошкі, цвікі, а іх ва ўсёй Дзісне днём з агнём не знойдзеш. Адно добра – замкі моцныя засталіся. Прарэзаў у дзвярах акенца, прынёс ахапку сена – і папу дасталася камера, лепшай не трэба.
– І што, ніякіх указанняў больш не было? – з недаверам гукнуў Маляўка. – Думаю, для перавыхавання папа ў камуніста асобнай камеры малавата… Жданаў – патомны свяшчэннаслужыцель, на мой пагляд, ён не з тых, хто за волю і місу турэмнай баланды ад веры адмовіцца. Можа, Харэвіч нешта іншае абяцаў?.. Скажам, паблажкі, прывілеі, грошы, пасаду?.. Успомні, ён мог нешта сказаць, на што ні ты, ні Жугар увагі не звярнулі ці малазначным палічылі.
– Так, чэкіст пакінуў указанне, – радасцю засвяціліся вочы Палікарпа. – Вунь, на стале акуляры. Загадаў трымаць іх пры сабе да асобага распараджэння і берагчы як зрэнку вока… Я неадукаваны, магу толькі распісацца ў грашовай ведамасці, і вельмі абрадаваўся шкельцам… Падумалася, што акуляры дапамогуць навуку чытання асвоіць… Аж не, яны толькі вучонаму ў карысць… Начапіў на нос, зірнуў і спужаўся: сцены, падлога, столь, шафа быццам у нешта адно пачварнае зляпіліся і на мяне пасунуліся, вось-вось рухнуць… Потым у вачах здарылася зыркае мільгаценне, галава доўга балела.
– Значыцца, так, – Маляўка перапыніў нудныя разважанні ахоўніка і зноў зашпацыраваў па пакоі; з кожным крокам ён узмахваў рукой і ў такт рухам аддаваў загад: – Ранейшыя ўказанні не адмяняюцца: папа біць і трымаць надгаладзь.
– А начныя кашмары, так сказаць, псіхічныя атакі?
– Працягвай мучыць… Спаць не дазваляй… Даводзь Жданава да ашаламлення ці па меншай меры да ненармальнасці… Што тычыцца акуляраў, не выкідвай, магчыма, яшчэ спатрэбяцца… Эх, мудруе Харэвіч… Самога сябе не перамудрыў бы…
Перш чым пакінуць не толькі наглядчыка, але і турму, ды і абрыдлы за дзень павет, Маляўка выцягнуў з-за пояса пляшку гарэлкі, паставіў на стол, гучна сказаў:
– Замацуем дамову маёй пячаткай… Пячаткай не бюракратычнай, пячаткай сяброўскай!
Бацюшка Канстанцін пасля гарачай бульбы і салодкай гарбаткі нечакана адчуў сябе лепш, хоць дыхалася неймаверна цяжка. Грудзіну і рэбры, асабліва справа, кожны рух працінаў нязносным болем. Прыглушаны свіст ці то ў вушах, ці то ў скронях трохі паменшаў, галавакружэнні таксама прыціхлі, і нарэшце вярталася здольнасць успрымаць падзеі без пакутлівага напружання, у якім быў апошнія дні. Здавалася, разбуджаная чуйная памяць дзень за днём шырокімі, ледзь улоўнымі мазкамі вяртала ўсё, што з ім адбылося…
Бацюшка паспрабаваў зрабіць некалькі крокаў па камеры, і яму гэта ўдалося. Неспадзявана і табурэт прыйшоўся да месца, на яго можна было амаль без болю прысесці і ўстаць, што вельмі цяжка зрабіць з адмысловай, лічы, панскай сянной ляжанкі, хоць спаць на ёй было многа лепш, чым на голых дошках у папярэдняй камеры.
Да дробязяў прыгадаў допыт у кабінеце старшыні выканкама. Рыхтаваўся да чарговага катавання, а камуністы, як толькі пераступіў парог, пачалі гаварыць аб прыёме ў бальшавіцкую партыю. Не адразу дапетрыў, што размова пра яго, іерэя Канстанціна Жданава. Калі ўцяміў, чарговае памутненне ў вачах і страта свядомасці не дазволілі не тое што запярэчыць, нават слова сказаць.
Іерэй цяжка ўстаў, заклаў рукі за спіну, няспешна зашпацыраваў ад акна да дзвярэй. Павольна перастаўляў цяжкія апухлыя ногі і, каб пазбавіцца ад унутранага хвалявання, пачаў лічыць крокі. Рэхам пад столлю прагучала слова «пяцьдзясят», але ўчэпісты ўспамін не адхлынуў, ён, бязрадасны і дзёрзкі, паспеў запасці ў наструненую душу і ўзбудзіць супярэчлівае раздвоенае пачуццё ці то крыўды на самога сябе, ці то скептычнай грэблівасці да тых, хто без яго ведання і згоды вырашаў яго лёс… Калі пульсуючыя малаточкі зацюкалі ў скроні, спахапіўся. Ён паспеў ужо зведаць гэтае апошняе папярэджанне: следам закружыцца галава і – страта прытомнасці… Дайшоў да табурэта, прысеў, перажагнаўся, вусны зашапталі запаветныя святыя словы: «…Няхай здзяйсняецца нада мною, Гасподзь, воля Твая!..»
Некалькі разоў уважліва, з непарушнай верай паўтарыў малітву, і паспакайнела на душы, адлягло ад сэрца. Нагадала аб сабе з гадамі набытае разуменне: не варта звяртаць пільнай увагі і засяроджвацца на тым, што з табой паміма волі здараецца, асабліва калі тое здарэнне ад цябе ні на ёту не залежыць… Было відавочна: у кабінеце Ляскоўскага адбылася пастановачная, прадуманая дзея… Дзеля чаго, якая мэта блюзнерскага цырка?.. Думаць пра тое і тым больш гадаць не хацелася. Цвёрда разумеў: ад задумы бязбожнікаў карысці не будзе.
Абрывачныя горкія думкі мітусліва вярталі ў Шаркаўшчыну, у царкву і прыход, душа болем смылела аб сыне.
«Дваццатага красавіка – Уваскрэсенне Хрыстова, Пасха, а настаяцель храма ў турме, – сціснулася ў безвыходным болі душа. – Канешне, людзі не застануцца без вялікаснага, урачыстага свята, без Божага бласлаўлення, хтосьці з бацюшкаў прыедзе з бліжэйшага Глыбокага… А Георгій застаўся зусім адзін… Прапаноўваў брат Мікалай сына ў Маскву забраць, мо і трэба было пагадзіцца, праявіць цвёрдасць. Можа, нават настаяць на сваім, не браць у разлік дзіцячыя капрызы… Хлопчык без маці гадуецца, мяне ні на крок не адпускае, а тут гэткае… Што з ім стане, калі бацька не дакажа сваю невінаватасць і застанецца арыштантам?.. Дзякуй Богу, ёсць каму з прыхаджан сына і даглядзець, і супакоіць. Але ж гэтага мала… Яшчэ ўсюдыісны Маляўка… Натварыў чалавек спраў страшных, варагуе з людзьмі, настроіў супраць сябе жыхароў, вось-вось за зброю ўхопяцца… І ўсё праз п’янства, карыслівасць, злосць, рабаванне, хуліганства… Нялюдскі чалавек… Неспакойна за вернікаў, за жыхароў Шаркаўшчыны, за бліжэйшыя вёскі і хутары…»
Нечакана бразнулі засаўкі, і ў камеру ўваліўся Палікарп. Не гледзячы на арыштанта, падхапіў з падлогі паднос з некранутым баршчом, злосна працадзіў:
– Нават не каштаваў?
– Пост, – цяжа ўстаючы з табурэта, гукнуў бацюшка і, угледзеўшы чырвоны злы твар наглядчыка, адчуў, што здарылася нешта кепскае, хутчэй за ўсё для яго, сядзельца.
– Табурэт мушу забраць, – усутыч наблізіўся Палікарп і, дыхнуўшы перагарам, грозна дадаў: – Не паложана.
Бацюшка Канстанцін не пярэчыў, моўчкі адышоў і сцішыўся ў чаканні скорых перамен.
– Рабі як «паложана», я пацярплю.
– Поп, даручана лупіць цябе як сідараву казу, пакуль не скажаш, чаму вырашыў стаць камуністам, хто падбухторыў на змяіную хітрасць… Таварыш Маляўка так і сказаў, што ты гідра, значыць, змяя, і словы твае – яд для народа… Ты не толькі падбухторваеш людзей супраць савецкай улады, ты ўзначаліў тайны саюз змагароў у нашым павеце… Але Маляўка разгадаў хітрую прыдумку з уступленнем у партыю, якая… – ахоўнік нечакана змоўк, пляснуў далонню па зморшчаным вузкім ілбе і, успамінаючы забытае слова, расчаравана буркнуў: – Не, не ўспомню, вылецела тое шпіёнскае слова з галавы… Карацей, ты, Жданаў, контррэвалюцыянер, і ўсе турэмныя прывілеі адмяняюцца…
– Няўжо Маляўка лепш за Бога ведае мяне і мае намеры? – каб трошкі астудзіць гарачнасць ахоўніка, насцярожана сказаў бацюшка Канстанцін і тут жа перапытаў: – А што пра мяне расказаў Ляскоўскі?..
Пытанне прымусіла наглядчыка задумацца. Ён імгненна згадаў Харэвіча з Жугарам, а іх грозны загад «папа карміць і не біць» не толькі растрывожыў, ён загнаў Палікарпа ў тупік.
«А сапраўды, чаму Маляўка змаўчаў пра Ляскоўскага? – накручваліся адно на адно галаваломныя пытанні і ў нейкі момант кінулі Палікарпа ў гарачку.
Не зважаючы на бацюшку, ён сеў на няшчасны табурэт, задумаўся: «Загады начальнікаў розныя, і няўжо Маляўка вышэйшы рангам за старшыню выканкама?.. Не, не вышэйшы… Тады чаму ён мной камандуе і чые загады я павінен выконваць?.. Але ж і Ляскоўскі чарку са мной не піў, у партыю не рэкамендаваў, сябрам не называў… Хто з іх да мяне бліжэй?.. Вось нявыкрутка дык нявыкрутка… І ў сябра Маляўкі не перапытаеш. Ён у суправаджэнні ахоўнікаў, не менш чым дзясятка чалавек, у шыкоўнай, некалі панскай, пралётцы, што вецер, закруціў рэшткі снегу на вуліцах Дзісны і зляцеў у сваю вотчыну, Шаркаўшчыну. Ляскоўскі ў параўнанні з ім не цягне на вялікага начальніка, няма размаху… І ўсё ж, каго мне слухаць?..»
Палікарп амаль цвярозымі вачамі паглядзеў на Жданава, яго мардаты твар азарыла блазенская ўсмешка:
– Каб табе было добра і мяне начальства не чубіла, – узнёсла прамовіў служка, – прапаную здзелку, так сказаць, баш на баш… Я пакідаю табурэт у камеры, а ты дазваляеш цябе пабіць…
– Палікарп, навошта табе мой дазвол? – шчыра здзівіўся бацюшка. – Ты часам не захварэў?
– Цьфу ты, – замахаў рукамі наглядчык, – не так сказаў… Паб’ю напаказ, дзеля прыліку, так сказаць, дзеля паказухі… На карысць агульнай справы…
– Вось дык маеш! – здзівіўся бацюшка. – У нас з’явілася агульная справа, дзеля якой мяне трэба лупцаваць?
– Так, усё правільна, – задаволены, што яго зразумелі, матнуў галавой Палікарп і, адводзячы ўбок мітуслівыя вочы, дадаў: – Я атрымаў два загады ад розных начальнікаў: адзін загадвае цябе лупцаваць, трымаць надгаладзь і па начах страшыць, даводзіць да ашаламлення, другі, наадварот, камандуе не біць і добра карміць… Каго мне слухаць?.. Памылюся – куляй з працы вылечу, так што выручай, бацюшка! – дрыготкім голасам заенчыў бамбіза. – Увайдзі ў становішча… Выпруць, а як жыць?.. Я ж нічога іншага не ўмею, акром як з вамі, арыштантамі, валаводзіцца… Выручыш – пайком падзялюся, посны боршч па Вялікдзень гатаваць буду… Лепшага нічога не прыдумаў, хачу, каб і ваўкі былі сытыя, і авечкі цэлыя.
– Хрышчоны, калі бацюшкам назваў?
– Ага, толькі маўчу пра гэта. Камуністы ўсе хрышчоныя, але маўчаць… І ты не выдай, не толькі для сябе стараюся.
Ад пачутага ў іерэя ажно дыханне перахапіла, сэрца страпянулася, зачасціла, дрыготкай адгукнуліся халодныя пальцы, твар, шыю быццам кіпнем абдало. У душы шырылася, нарастала абурэнне, з якім бацюшка ўжо не мог саўладаць.
«Божа!.. Няўжо зла не бачыш?.. Арыштаваны я па злым нагаворы, але маё сведчанне не прымаецца. Праўда гэтым людзям не патрэбна, – з усё большай хуткасцю, чапляючыся адна за адну, замітусіліся хваравітыя, мяцежныя думкі. – Праўда для іх лішняя, нават шкадлівая, а ў маім выпадку лічыцца ні больш ні менш як спробай выкруціцца, пазбегнуць пакарання… Ад усёдазволенасці Маляўка зусім з глузду з’ехаў, прапанаваў даносіць на прыхаджан, хоча ведаць, хто незадаволены асабіста ім і новай уладай… Што зусім небывалая, абразлівая бязглуздзіца, загадаў расказваць чутае на споведзі… Сваім распараджэннем да трох удараў абмежаваў царкоўны звон, і толькі ў свята… Маўляў, яму думаць перашкаджае… Я, невінаваты, вымушаны цярпець здзек бязбожнікаў… Не магу і не буду патураць бязбожнікам, не стану саўдзельнікам крымінальных інтрыг і авантурысцкіх намераў прайдзісветаў…»
Аслаблены арганізм не вытрымаў пакутлівага напружання, і бацюшка, нечакана не толькі для сябе, але і для ахоўніка, страціў прытомнасць. Палікарп паспеў падхапіць арыштанта на рукі і ўкласці на капу сена.
Зняможаны трывогай, бацюшка Канстанцін гэтага не адчуваў. Зусім іншая выява, пяшчотная і трапяткая, брала яго стомленую душу ў свае абдымкі. Бачылася яму, быццам хтосьці расхінуў фіранкі, і перад вачыма ўзнікла знаёмая постаць… І адразу на змораным, зажураным сэрцы пацяплела, боль у грудзях, шум і свіст у вушах зніклі, камера ціха напоўнілася ледзь улоўным палахлівым туманным святлом. З гэтага лёгкага, залацістага туману да яго падыходзіў татка, яго родны бацюшка Дзмітрый!.. Ён быў і застаўся ў памяці менавіта такім: спагадлівым, добрым, шыракатварым, блакітнавокім, наскрозь прапахлым ладанам… Бацюшка Дзмітрый, як калісьці ў дзяцінстве, ласкава прытуліў сына да сябе, правёў мяккай бязважкай далонню па доўгіх, у каўтунах, валасах, дакрануўся да апухлага ад сінякоў твару, і вусны яго зашапталі з малалецтва чутае, да радасці ў сэрцы знаёмае, не раз чытанае і прамоўленае на літургіі: «Сыне мой! Не будзь легкадумны ў адносінах да пакарання ад Госпада і не знемагай, калі Ён выкрывае цябе. Бо Гасподзь каго любіць, таго і карае, і б’е кожнага сына, якога прымае».
Дзіўныя сакральныя словы яшчэ гучалі ў душы шчымлівай радасцю, а хтосьці нябачны злосна трос за плечы, крычаў у твар сівушным перагарам:
– Поп!.. Ачуньвай… Біць моцна не буду… Злёгку прыкладуся, каб толькі сляды засталіся… Маляўка пабоі ўбачыць – і адступіцца… Інакш абодва гора напоўніцу хапанем…
Бацюшка Канстанцін яшчэ не асэнсаваў, дзе ява, а дзе насланнё, але пасля дзівоснай сустрэчы з таткам і згаданых святых слоў прыйшло супакаенне, і надалей ён дакладна ведаў, што будзе рабіць.
– Бі, калі ў цябе жыццё рушыцца, – пагадзіўся ён на зневажальную, цынічную экзекуцыю.
– Я не крэпка, – бубніў, падымаючы на ногі святара, Палікарп. – Ляжачых б’ю нагамі, а мне трэба, каб на твары знакі засталіся. Маляўка вернецца, убачыць – і ўсё будзе добра.
Ад абяцаных «лёгкіх» удараў да бацюшкі Канстанціна доўга вярталася свядомасць. Калі расплюшчыў вейкі, каторы раз за сягоння не адразу ўцяміў, дзе знаходзіцца. У вачах плыў хісткі туман, галава кружылася, гудзела… Палікарп, укленчыўшы каля яго, пырскаў вадой, прыгаворваў:
– Біў лёгка, а ты, аказваецца, зусім слабы…
Калі ўбачыў, што бацюшка расплюшчыў вочы, вусны ката скрывіліся ў напятай недарэчнай усмешцы:
– Цяпер табурэт твой, – прабубніў ён і павесялелым голасам абвясціў: – Адпачывай, набірайся моцы, а заўтра, мусіць, паўторым наш сяброўскі падманны манеўр, – учэпіста інквізітарскімі вачыма абмацаў хваравіты змардаваны твар бацюшкі, падумаў і нечакана змяніў рашэнне: – Не, паўторым праз два дні, а мо і болей… Нешта бледны зусім, каб раней часу дуба не даў, паберагу цябе. Раптам, і сапраўды камісарам станеш, тады і ўспомні маю дабрыню. У атачэнні Ляскоўскага служыць мой далёкі родзіч, яго папрашу знак падаць, калі Маляўку паклічуць ці сам аб’явіцца. Пакуль ён у сваёй пралётцы па вузкіх вулачках да турмы даімчыць, мы паспеем сінякоў нашлёпаць… Але пасля сягонняшняга прыезду, думаю, доўга яго не будзе. У Маляўкі ў Шаркаўшчыне спраў вышэй галавы, не з рукі штодня ў Дзісну швэндацца, трэба загад па мабілізацыі выконваць.
Для Маляўкі гэты дзень і сапраўды быў складаным. Да наведвання турмы ён сустракаўся з Ляскоўскім і ўжо ведаў няпросты намер кіраўніка павета адносна Жданава. Надзелены ад прыроды абвостраным, усё роўна як воўчым, інстынктам самазахавання, ён імгненна змікіціў, дзеля чаго старшыня выканкама запусціў неверагодную чутку пра будучага папа-камісара. Моўчкі слухаў, не перапыняў Ляскоўскага, калі той строга, з афіцыйнымі ноткамі ў голасе, нібыта на чарговым справаздачным паседжанні, расказваў, што следства па Жданаву зайшло ў тупік, што фактаў недастаткова, магчыма, на самай справе на чалавека ўчынены паклёп, і яму, Ляскоўскаму, давялося памяняць следчага, бо Гарбаценка задумаў ехаць у Шаркаўшчыну на правядзенне дадатковых мерапрыемстваў і, галоўнае, на вышук скрадзеных Баговічам царкоўных грошай. Ляскоўскі нават назваў суму, якой магло б хапіць, каб справу афіцыйна закрыць, а ўдзельнікам канфлікту мірам разысціся. Маляўка пачуў пра пяцьсот залатых рублёў, і больш ніякіх сумненняў не засталося: старшыня выканкама пралічыў яго стасункі з Баговічам, даведаўся, што яны кумы, і цяпер хоча палову ад усёй сумы. Канешне, названая сума – нерэальна перабольшаная, але і сам заўсёды карыстаўся бесцырымонным галоўным прынцыпам у справах вымагальніцтва: больш патрабуеш – больш атрымаеш.
Адно пытанне Маляўка ўсё ж задаў. Не тое каб ён сумняваўся ў сваіх высновах, хутчэй, не хацелася выглядаць нікчэмным паслугачом у створанай Ляскоўскім іерархічнай кадравай лесвіцы павета, шмат у чым падагнанай пад аднаго чалавека. Даўно дапетрыў: яны з Ляскоўскім – крумкачы аднаго лесу, а бальшавікі, разваліўшы імперыю, зрабілі ім падарунак, аддалі на рабаванне тое, да чаго іх рукі пакуль што не дацягнуліся. Абодва ведалі, што сягонняшняя жахлівая сітуацыя ў грамадстве ім на руку. Але ці надоўга? Таму і карысталіся любой магчымасцю для асабістай нажывы, ніякіх абмежаванняў у сродках не прытрымліваліся.
– Хто ўзначаліць роту дабравольцаў, мабілізаваных на фронт? – запытаўся Маляўка зусім не па тэме гаворкі.
– Ёсць дзве кандыдатуры: твая і Уладзіміра Маняка, галоўнага чэкіста павета, – цвёрда адказаў Ляскоўскі.
Цяпер, седзячы ў пралётцы, ухутаны ў два кажухі, у суправаджэнні нецвярозай, вясёлай аховы, што з галеканнем і свістам заляцела ў Германавічы, Маляўка перабіраў у памяці сказанае Ляскоўскім, і раптам да яго дайшоў пагрозны сэнс слоў старшыні выканкама. Толькі цяпер уцяміў, што Ляскоўскі, хоць і мудрагеліста, напусціўшы туману, але шматзначна намякнуў, што будзе, калі ён, Маляўка, не зробіць адзіна правільную выснову. У голасе кіраўніка адчуваўся неасцярожны намёк – прагучала папярэджанне, амаль загад… Сумненні адпалі: поп будзе апраўданы, а ён узначаліць на фронце Дзісенскі баявы атрад.
Вайна ў разуменні Маляўкі – ненажэрная катастрофа. Там мясарубка, там ірвуцца снарады, свішчуць кулі, там, па сведчанні ўцалелых, бязлітасныя казакі. Яны без шкадавання, з асаблівым спрытам і асалодай сякуць шаблямі і топчуць коньмі. Мала хто пасля тых атак застаецца жывым, адзін Бог ведае, хто ацалее.
Маляўка толькі ўявіў сябе пад капытамі каня з ускінутай чалавекам смяротнай шашкай, як настылая на холадзе рука мімаволі пацягнулася да лба. Ён моцна торкнуў сябе пальцамі ў лоб, у грудзі, наткнуўся на партыйны білет і ажно затросся ад страху. Па-воўчы, не паварочваючы галавы, змрочна зыркнуў направа, налева, ці не бачыў хто яго жагнання, і, брудна вылаяўшыся, злосна плюнуў. Цэліў сабе пад ногі, але ліпкая, карычневая тытунёвая сліна чамусьці трапіла ў шырокую спіну вазніцы, і Маляўка з нейкай вар’яцкай нянавісцю, быццам вазніца вінаваты ва ўсіх яго непрыемнасцях, штосілы закрычаў:
– Дурань!.. Паварочвай каня!.. Вяртаемся ў Дзісну!.. – сутаргава закашляўся і ціха, па-змяінаму прасіпеў: – Чорт з ім… Няхай падавіцца… Не паміраць жа з-за іх…
Маляўка дастаў з-за пазухі пляшку самагонкі, рудымі вялікімі зубамі, падобнымі да бабровых разцоў, выцягнуў папяровы корак і, шукаючы хоць нейкага ўнутранага супакаення, дрыготкімі вуснамі прыпаў да шклянога рыла. Паслугачы моўчкі і без слоў зрабілі тое самае: загад імі заўсёды выконваўся, прыклад шэфа ніколі не абмяркоўваўся.
Дымнымі ад запаленых печаў гараджан прыцемкамі, што навіслі над Дзісной, шаркаўшчынскі дэспат, узрошчаны рэвалюцыйным безуладдзем, у суправаджэнні коннага эскорту цяпер ужо добра падпітых ахоўнікаў спыніў брычку каля выканкама. Рэзкімі рухамі Маляўка скінуў з сябе кажухі, тузануў уніз крысы скуранкі, паправіў папаху на галаве, расправіў на круглаватым пузе рэмень, на якім матлялася кабура з пісталетам, і, з-пад ілба зірнуўшы на ахову, з выгляду ўсё яшчэ геройскую, буркнуў:
– Старшым застаецца Макоўскі… Начаваць не будзем…
Яго словы азначалі: ахова чакае начальніка, ніхто не адлучаецца і да вяртання ў Шаркаўшчыну гарэлку піць забаронена.
Маляўка ўбачыў у акне замглелы сілуэт Ляскоўскага, які быццам чакаў паплечніка і ўсё гэтак жа, як пры развітанні, засяроджана дыміў папяроскай. Калі запыханы Маляўка ўваліўся ў кабінет, старшыня ўсё яшчэ разглядваў гаманлівую ахову калегі і, не паварочваючы галавы, запытаўся:
– Гляджу на тваіх архараўцаў і кожны раз здзіўляюся свядомай дысцыпліне. Як змог дабіцца ад разнашэрснай разгульнай кампаніі бездакорнага падпарадкавання?
– У мяне ёсць памочнік, ён дысцыпліну трымае.
– І хто гэта?
– Толькі яму давяраю, і ён заўсёды пры мне, – адказаў Маляўка, выцягваючы рэвальвер з кабуры.
Ад страху ў Ляскоўскага ажно паджылкі анямелі, імгненна пацяжэлыя ногі зрабіліся ватнымі, бяссільнымі. Рухавы дымок, які цягнуўся роўным ланцужком ад папяроскі да форткі, бязладна завіхляў над дрыготкай рукой, замітусіўся ў пошуку згубленага лёгкага скразнячку. Каб схаваць нечаканае хваляванне, старшыня тыцнуў толькі што прысмаленай папяросай у падаконнік, яго далонь паволі пацягнулася да кішэні з пісталетам. Зброі на месцы не было, і адразу па спіне пабеглі халодныя, ліпкія мурашы.
Сягоння заходзіла Роза і, каб пісталет, муляючы, не перашкаджаў нечакана нахлынулым любошчам, папрасіла схаваць зброю ў шуфляду стала. Пярэчанне ў гуллівай рамантычнай сітуацыі магло выглядаць па меншай меры недарэчным. І вось – расплата! Ён заўсёды дапускаў, што ліхую кулю можа атрымаць ад свайго, але толькі не ад Маляўкі, які дакладна ведаў пра існаванне крымінальнага дасье з зафіксаванымі фактамі зладзейскіх учынкаў, здзейсненых пад яго кіраўніцтвам. Кампрамат павінен быў трымаць Маляўку ў падпарадкаванні, прымушаць слухацца, стаць страхоўкай, але, як паказвае жыццё, поўнай бяспекі ўсё ж такі не гарантаваў. Ляскоўскі ўбачыў рэвальвер, рысіныя вочы Маляўкі і зразумеў, што гэтага чалавека ніякім кампраматам не стрымаеш: здзейсніць задуманае і знікне са сваім хаўрусам ці адзін, але для яго, старшыні выканкама, гэта ўжо не будзе мець аніякага значэння.
«Мне капец?! – сціснула грудзі палахлівая думка. – Дасье ў незгаральнай шафцы, шафка ў кутку за грубкай, а ключ у мяне на шыі. Але чаго ён марудзіць?.. Чакае кагосьці са сваіх?.. Не хоча сам замарацца?.. Я не чакаў бы, адразу зрабіў бы тое, па што прыйшоў!.. Не страляе?.. Баіцца шуму?.. Значыцца, садане па галаве і беспрытомнага вывезе за Дзісну, а ўжо там…»
Маляўка заўважыў пудкае хваляванне Ляскоўскага, і гарачая пульсуючая думка быццам перадалася ад старшыні, апякла скроні: «А што, ідэя неблагая… Гэты нікчэмны пражэрлівы чарвяк толькі кулі і варты… Але ж не ў выканкаме яго страляць… Лепш было б падчас палявання на дэзерціраў, яны адстрэльваюцца, і, вядома, ахвяру не куля выбірае… Але ж нахалера ён мёртвы без кампрамату? Іншая справа – паспрабаваць выкрасці паперы… Там жа не толькі пра мяне, там, верагодна, цалкам начальніцкі хаўрус павета, а святых сярод нас няма і не будзе, ва ўсіх нос у пушку. Вош не саромеецца на лоб залезці, а гэтая гадзюка жыццё ўхапіла. З дапамогай тых паперак Ляскоўскі, да варажбіткі не ходзячы, плануе разбагацець і, як піць даць, возьме сваё. Гэта ж залатое дно… Хваткі, паскуднік! Няўжо сам змікіціў ці ўсё ж нехта навёў на розум?.. Дзеля гэтага не капеечныя мазгі мець трэба і смеласць дзёрзкую, каб вось так, адной простай паперкай, трымаць чалавека ў кулаку і пры жаданні абдзіраць як ліпку. Во ўліп дык уліп: здачы не дасі і наганам махаць не будзеш, сваё, кроўнае, аддасі, яшчэ і дзякуй скажаш…»
– Прабач, Мікалай Антонавіч, не думаў пужаць, – наўмысна гучна засмяяўся Маляўка. – Ты пытаўся пра памочніка, я паказаў, – сказаў і без запрашэння сеў у крэсла, схаваў рэвальвер, ляніва ўсміхнуўся: – Зброю, дарагі таварыш, нам у ліхі непрадказальны час трэба заўсёды пры сабе трымаць… Вам бы фіранкі на вокны, і лепш – цёмныя… Можа стацца, дзеля пацехі хтосьці пульне… Развялося людзей ліхіх…
– Вярнуўся?.. Мо забыў што?.. – Ляскоўскі пачуў пра вокны, адзначыў ядавіта сказанае «Вам» – і адразу ўцяміў, наколькі блізка былі яго думкі ад праўды.
«Гэты застрэліць і вокам не міргне…» – дакучліва тахкала кроў у скронях. Каб прыкрыць страх, які ўсё яшчэ вярэдзіў душу, аблытваў думкі, гукнуў наўмысна гучна і адразу з надрывам закашляўся. Пацягнуўся да графіна з вадой, але Маляўка апярэдзіў, ужо плюснуў вады ў чарку-корак.
– Не першы раз чую твой сухі кашаль, – працягваючы ваду, сказаў ён і, не чакаючы, пакуль старшыня сцэдзіць яе праз зубы, дадаў: – Трэба доктару паказацца.
Халодная вада даволі хутка склала думкі ў патрэбным кірунку. Ляскоўскі зразумеў, што сягоння нічога кепскага з ім не здарыцца, цяжка ўздыхнуў, махнуў рукой:
– Не да дактароў… Зрэшты, з чым вярнуўся? – убачыў прыжмураныя злыя вочы суразмоўцы, вымучана ўсміхнуўся, з іроніяй у голасе запытаўся: – Згодны кіраваць добраахвотнікамі?
– Канешне, згодны, – адразу падтакнуў Маляўка і, нечакана для самога сябе, паспешліва выпаліў апошняе, што, на яго думку, магло паспрыяць ухіліцца ад удзелу ў баявых дзеяннях:
– З-за малога росту медыкі заўсёды мяне бракавалі, у войска не бралі, але ў нашай арміі, у адрозненне ад царскай, пэўна, парадкі іншыя. Вырашыў: куды партыя пашле, там і служыць буду. Скажу толькі, што прыфрантавы тыл па сваёй небяспечнасці – той самы фронт, можа, і горш. Там вораг перад табой, а ў нас – з усіх бакоў. Праўда, пакуль што не страляюць, але ж гэта і мая заслуга: відавочна, спраўляюся, штодзень ворагаў рэвалюцыі вышукваю і арыштоўваю. Ды што казаць, і сам ведаеш!..
Прамовіў горача, натхнёна, а ў сціснутай потнай далоні ўжо трымаў, на яго думку, апошні аргумент для сваёй дэмабілізацыі.
– Для камуніста рост значэння не мае, галоўнае – вера ў нашу шчаслівую будучыню, – няўпэўнена, чакаючы нейкага падвоху, прамармытаў Ляскоўскі.
– Надзея на тваю лепшую будучыню, шаноўны Мікалай Антонавіч, зараз падвысіцца роўна настолькі, наколькі мая ўпадзе, – з’едліва прасіпеў праз моцна сцятыя вусны Маляўка, падхапіўся на ногі, зрабіў некалькі дробных, пранізліва гучных крокаў вакол стала да старшыні і паклаў перад яго хцівымі вачамі вялікі каштоўны пярсцёнак, цяжка, з прысвістам удыхнуў-выдыхнуў, як прастагнаў: – Гэтага павінна хапіць… І не толькі для маёй дэмабілізацыі…
Ляскоўскі ўбачыў адкупны барыш, і сэрца весела затахкала, радасцю засвяціліся вочы, ледзь стрымаўся, каб разам з шумным парывістым уздыхам не абняць прайдзісвета, не сказаць: «Дзякуй!.. Надалей можаш спаць спакойна!.. Ідэя спрацавала, і больш ні мне, ні табе не трэба натурыцца, ламаць камедыю!»
Не сказаў, стрымаўся. Дрыготкімі пальцамі падняў важкі залаты персцень, паднёс да вачэй і ашаломленым праніклівым позіркам уткнуўся ў ярка-зялёны смарагд. У нейкі момант на яго напружаным, як адзервянелым, твары прамільгнула зачараваная ўсмешка, у прыжмураных вачах палыхнуў халодны прагны агонь. Смарагд мільгацеў няроўным трапяткім святлом, прыцягваў, зачароўваў дзівоснымі вясёлымі блікамі. Новы гаспадар быў напавал пераможаны і не мог адвесці ад пярсцёнка ўсхваляваны і адначасова пакорлівы, асалавелы ад шчасця позірк, яго, здавалася, пакінулі сілы.
– Можаш не сумнявацца, не падробка, не фуфло, – па-свойму зразумеў празмерную ўважлівасць старшыні Маляўка. – Думаю, гэтага хопіць, каб зніклі мае праблемы?
– На фронт будзе накіраваны Маняк, – нехаця буркнуў, як ад назолы адмахнуўся, Ляскоўскі, але тут жа спахапіўся і з напускной бравадай падміргнуў хаўрусніку.
Ляскоўскі быў вельмі задаволены: атрыманы падарунак перавысіў усялякія спадзяванні, але ж Маляўку трэба было яшчэ трошкі памуштраваць.
– А што будзе са Жданавым? – настойліва запытаў Маляўка.
Ляскоўскі зрабіў паўзу, паглядзеў на суразмоўцу імгненна пахаладзелымі вачамі, строга, з начальніцкімі ноткамі ў голасе, сказаў:
– З папом, як аказалася, не так усё проста. Праблема ў тым, што не толькі я вырашаю…
Маляўка не даслухаў, рэзкім рухам выхапіў з рук старшыні персцень, непрыстойна вылаяўся, адчайна крыкнуў:
– У гэткім выпадку я згодзен узначаліць наш камуністычны атрад на перадавой! І яшчэ мушу нагадаць, што старшыня выканкама не мае права ігнараваць законныя рашэнні камуністаў Шаркаўшчыны. – Маляўка надалей сябе больш не стрымліваў; па яго паняццях, прапанаваны Ляскоўскаму хабар рабіў іх роўнымі, і цяпер ён мог гаварыць, цяпер ён хацеў выказаць усё, што накіпела ў душы. – Ты чалавек сярод нас новы, без году тыдзень, і не ведаеш, што Жданаў блізка звязаны з Ціханам, – амаль крычаў шаркаўшчынскі кіраўнік. – Што вылупіў вочы? Не ведаеш, хто гэта такі?.. Раскажу крыху пазней, спярша пра твой грозны кампрамат, які вылупленага яйка не варты, і не толькі для мяне: як толькі шантажным паперкам ход дасі, сябе першым і ўтопіш. Папярэджваю: я таксама пісаць умею і зрэагую на тваю правакацыю па-камуністычнаму, за ананімнай цыдулкай хавацца не буду. Сягоння ж адпраўлю тэлеграму ў Віцебск… Не, адразу ў Мінск! Няхай на партыйны разбор камісія прыедзе. Што адкажаш, калі запытаюцца, дзеля чаго збіраў дасье на калег па партыі?.. Канешне ж, не для паляпшэння спраў у павеце, не для арганізацыі працы, а для ўціску сумленных камуністаў, якія, не шкадуючы сябе, дзень і ноч вядуць барацьбу з контрай у прыфрантавой зоне. Упэўнены: тваёй пісанінай зоймецца рэвалюцыйны трыбунал. І не толькі я пацверджу, што збіраеш чуткі і паклепы ворагаў рэвалюцыі дзеля шантажу сваіх паплечнікаў… Напэўна, здагадваешся, што з табой будзе?.. А калі выслізнеш і жывым застанешся, я пра змову Ціхана са Жданавым раскажу… Табе няма калі думаць пра справы дзяржаўныя, хутчэй бы канфіскаваным золатам і каштоўнасцямі кішэні набіць. У цябе вяселле на носе, трэба і пра капітуляцыю падумаць. Што як бальшавікі прайграюць?.. Мы ўсе пра тое думаем і нешта для сябе робім, але ж не гвалтам, не паскудзім адзін аднаму… А Ціхан – не хто іншы, як цяперашні Патрыярх Маскоўскі, прызнаны нашай уладай контррэвалюцыянерам і мяцежнікам, які, уцякаючы ад немцаў з Вільні, нейкі час жыў у Дзісне, а цяпер вядзе варожую прапаганду ў Маскве. Што, з’еў?.. Плануеш Жданава, перакананага манархіста, зрабіць камісарам? Калі тое праўда, ты, Ляскоўскі, – контра і пасобнік белякам. І гэта яшчэ не галоўнае, камісія павінна разабрацца, што ты за птушка, адкуль да нас прыляцеў, кім прыкормлены, на якіх, мо нават капіталістычных, варожых плантацыях вырашчаны. Вось і думай, таварыш Ляскоўскі, з кім табе сябраваць?
– Ты ўсё сказаў? – пасля доўгай напружанай паўзы запытаўся Ляскоўскі і, не падымаючы галавы, цяжка дыхаючы, было відаць, што словы Маляўкі яго ўстрывожылі, наводліў ударылі па жывым, праз сцятыя вусны грудным, трохі асіплым ад хвалявання голасам дадаў: – Дзякуй, расказаў пра мяне ўсё, што думаеш…
– І ведаю, – з адчуваннем яўнай перавагі, кпліва ўдакладніў Маляўка.
– Магчыма, нешта і ведаеш, толькі я пачуў абразлівую лухту, – вопытны інтрыган Ляскоўскі паспеў узяць сябе ў рукі і, узважваючы кожнае слова, каб не сказаць лішняга, памяркоўна працягваў: – Паспяшаўся, браток, ой, як ты паспяшаўся!.. Кажуць, са свайго языка спусціш – на чужым не зловіш, гэтак і ты: перапыніў, не даслухаў, вызверыўся, абвінаваціў… Пэўна, ад бязмежнай улады на пана захварэў, калі вырашыў мяне пужаць. Скаргі наважыўся пісаць?.. Калі ласка, пішы, забараняць і тым больш пераконваць у адваротным не стану. Толькі спярша адкажы, што рабіць са скаргамі, якія ўжо паступілі? У маім стале іх не адна і не дзве – поўная шуфляда! Не буду ўпустую языком мянціць, сам пачытай, што людзі пра цябе пішуць.
Ляскоўскі выхапіў з ніжняй шуфляды ладны стос папер і з усёй моцы пляснуу ім па стальніцы. У напружанай кабінетнай цішы рэзкі гук, быццам стрэл, рэхам прагучаў пад столлю, і ў Маляўкі ад нечаканасці ажно ногі падкасіліся. Ён спалохана азірнуўся на цёмнае акно, убачыў у шкле сваё адлюстраванне, імгненна ўявіў, што пры жаданні любы чалавек з вуліцы можа пульнуць у яго з вінтоўкі, і міжвольна ўкленчыў: яго галава аказалася на ўзроўні стала, але, галоўнае, ніжэй ад падаконніка. Уставаць не спяшаўся, нешта падказвала, што гэта самая бяспечная поза. Але ніякага нападу не адбылося, і ён з палёгкай уздыхнуў, перавёў усё яшчэ спалоханы позірк на старшыню і ад страху аслупянеў: у твар на ўзроўні стальніцы прама ў пераноссе глядзела чорнае пільнае вока маўзера.
– Мікалай Антонавіч, што Вы задумалі? – спалохана і ўжо на Вы прашаптаў Маляўка, адчуваючы, як даўкі саленаваты камяк падступае да горла, дрыготкай рукой паклаў пярсцёнак на стол, заікаючыся, узмаліўся: – Прабачце дурню… Няўдала пажартаваў… З кім не бывае?.. А пярсцёнак чысты, не канфіскат, ад бабулі дастаўся…
– Я ні кропелькі не сумняваўся, што ад бабулі, толькі чыёй? – стрымана рагатнуў Ляскоўскі і, падсунуўшы рулю пісталета пад кірпаты нос перапужанага, гатовага расплакацца Маляўкі, рашуча загадаў: – Без лішніх рухаў… Кладзі зброю на стальніцу і памятай: калі што, страляю без папярэджання.
Як толькі пісталет аказаўся на стале, старшыня рэзкім рухам спіхнуў яго ў напалову прачыненую шуфляду, задаволена крактануў, усміхнуўся, кпліва гукнуў:
– Ці добра стаяць на каленках, мо штось замінае?
– Добра мне, добра, – паспешліва адказаў Маляўка і пакутліва, здушаным галаском пралепятаў: – Лепш укленчыўшы і жывым, чым на чыёйсьці мушцы мёртвым.
– Выходзіць, майго маўзера больш не баішся?
– Цяпер не… Адразу не застрэліў, – ён зноў перайшоў на ты, – значыцца, мяркую, патрэбен. – Маляўка цяжка ўздыхнуў, насцярожана зірнуў на Ляскоўскага, няўпэўнена прамовіў: – Нешта падказвае: мы не толькі аднолькава ўспрымаем палітычную сітуацыю, мы ведаем, што вайна – некаму вяроўка, а нам – дойная кароўка.
– Да сягоння я таксама разлічваў на кароўку, і раптам – поўнае расчараванне. Амаль франтавы давер, што склаўся між намі, на паверку аказаўся фальшывым і ненадзейным. Цяпер хачу, каб ты на ўсё жыццё запомніў толькі што перажыты страх, запомніў і зразумеў: не жартаваў я, калі цэліў у твой тупы лоб. Думаю, настаў час пазнаёміцца не з бязглуздымі лжывымі фантазіямі твайго разгарачанага мозгу, а з яўнай ганебнай дыскрэдытацыяй камуністаў і савецкай улады. Скаргі сам пачытаеш ці мне даверыш?
– Не-не! – паспешліва пралепятаў Маляўка і, скасіўшы вочы на бліжэйшае акно, з палёгкай уздыхнуў: – Табе даслалі паклёпы на камуністаў і нашу ўладу, ты і чытай.
– Што ж, слухай, запамінай, а высновы потым зробіш. Вось скарга Паўла Цыдзіка, з засценка Бярэзіна: камуністы Ваштаёнак, Лосеў і яшчэ некалькі чалавек па тваім загадзе, пагражаючы зброяй, прымусілі чалавека аддаць 500 рублёў, пуд сала і 20 фунтаў масла. Праз тыдзень ты сабраў сялян у валасны выканкам і запатрабаваў з кожнага па 100 рублёў. Трымаў пад дулам рэвальвера, пакуль не атрымаў грошы. На мінулым тыдні ў таго ж Цыдзіка забраў 9 пудоў жыта, 4 пуды аўса, 300 рублёў і бутыль гарэлкі… Усё быццам бы на патрэбы фронту, толькі я пра тое нічога не ведаю, і канешне, людзі ніякіх распісак не атрымалі, як таго патрабуе савецкі закон. Вось скарга Эміліі Аношкі: у яе састарэлых цётак Алены і Уладзіславы вывезлі з хат усю маёмасць, жанчын арыштавалі і прывезлі няведама за што ў Дзісну. Чалавек просіць выпусціць родных з турмы, але чамусьці ў Дзісне ніхто нічога не ведае пра гэтых людзей.
– Знайшоў каго слухаць! Чыстай вады паклёп. Гэтая Эмілія толькі з выгляду анёл, а на самай справе – авечка з клыкамі, яна…
– Мяне не цікавяць твае адносіны ні з анёламі, ні з дзяўчатамі, ні з замужнімі жанчынамі, – узвысіў голас Ляскоўскі, хутка перагарнуўшы стос папер, знайшоў патрэбнае і нечакана рассмяяўся: – А вось гэтая цыдулка, усхваляваная, нязвязная і ад гэтага яшчэ больш кранальная, на самай справе выключная, і яна пра цябе, – сказаў, зноў здзекліва рагатнуў і, перасільваючы даўкі смех, прачытаў: – Марына Фёдарава з фальварка Ракаўцы скардзіцца… Хвілінку, усё чытаць не буду, толькі самае важнае… Ага, вось яно: жанчына паведамляе, што камуніст Маляўка забраў з хаты дзве летнія коўдры, тры кавалкі паркалю ў тры аршыны і… пару ношаных кальсонаў. Прызнайся, ты і цяпер у тых самых канфіскаваных сподніках?
Запытаўся і, больш не стрымліваючы сябе, гучна, зларадна зарагатаў. Дзесьці непадалёк грымнуў стрэл, і Маляўка, раз-пораз палахліва пазіраючы на акно, апраўдваючыся, буркнуў:
– Нам абяцалі рэчавае забеспячэнне – і дзе яно?.. Кожны сам, як можа, выкручваецца. Раптам заўтра на фронт, а там без споднікаў ніяк не…
– Хочаш сказаць, ваеннае становішча прымушае забіраць у людзей усё, за што вока зачапілася? – перапыніў Маляўку Ляскоўскі, нервова перагарнуў некалькі лісткоў, узвысіў голас: – Тады адкажы, дзеля якіх франтавых патрэб твае камуністы канфіскавалі ў Антона Гінко, жыхара фальварка Радзюкі, чатыры калоды пчол і каня? Праўда, каня потым вярнулі, але ж не за так, спагналі бутэльку гарэлкі. І пчол забралі, пэўна ж, не дзеля таго, каб у акопах з мядком гарбатку піць? Мяркую, наконт калод у цябе ёсць нейкая замаскіраваная ваенная хітрасць? Мусіць, плануеш выставіць калоды на перадавой і, як толькі белагвардзейцы кінуцца ў атаку, ляткі з накрыўкамі адкрыеш: гайда, ляціце пчолкі-чырвонаармейцы, нападайце, джальце ворагаў?
– Вінаваты… Недаглядзеў, з калодамі прамашка выйшла. Заўтра ж загадаю пчол вярнуць гаспадарам.
– Пры неабходнасці, канешне, вернеш. Усё незаконна канфіскаванае аддасі і кальсоны знімеш, а прыдуманую і ўзаконеную табой экзекуцыю – біццё плёткамі, – калі спатрэбіцца, правядзём і над табой, і над тваімі хаўруснікамі. На людным месцы ў Шаркаўшчыне адсцябаем вашымі ж бізунамі, і гэта – самае меншае, чаго варта твая партыйная ячэйка. Колькі дзён думаю і не магу дапетрыць, што з табой не так, навошта асабіста жанчын розгамі сячэш? Іх любіць трэба, а ты… Эх, Маляўка-Маляўка, азвярэў ты зусім, але не пра тое хвалявацца трэба. Пчолы, гарэлка, п’янае буянства камуністаў – усё гэта дробязь у параўнанні з прапажай людзей. Напрыклад, Ярыноўскі з вёскі Мітроўшчына вінаваціць тваіх камуністаў у забойстве Чарняўскага з фальварка Ляды. Чым апраўдаешся?
– Сам ведаеш, як праводзяцца тылавыя рэйды супраць ворагаў рэвалюцыі. За кожным не ўгледзіш. Мазгі не пазычыш… – панура буркнуў Маляўка, шморгнуў носам, дадаў: – А біццё плёткамі і розгамі – прафілактычная мера, каб бабы не пляткарылі, каб ведалі, хто ў Шаркаўшчыне начальнік, і паважалі.
– Твае адносіны з жаночым полам цяпер – не галоўнае, жэнішся – падабрэеш.
– Жаніхаўся ўжо, па самую макаўку хапіла, – агрызнуўся Маляўка.
Ляскоўскі не меў аніякага жадання развіваць казытлівую тэму асабістага жыцця падначаленага. З надзейных крыніц ведаў, што жонка Маляўкі яшчэ ў трынаццатым годзе, перад самым пачаткам вайны, уцякла ад мужа з нейкім заезджым артыстам. Ён наўмысна толькі абазначыў, паказаў, што ведае вычварныя здзекі шаркаўшчынскага дэспата з жыхароў падначаленай яму воласці. Намякнуў, каб Маляўка ўцяміў, што і пасля вайны ён, Ляскоўскі, будзе мець над ім уладу, у любы момант дасць скаргам ход, і справядлвая кара напаткае неўраўнаважанага, маніякальнага дэспата. Але сягоння ідзе вайна, і злыя, паганыя маляўкі вельмі і вельмі запатрабаваныя, яны трымаюць прыфрантавую зону ў панічным страху, забяспечваюць падпарадкаванне народа і адносны спакой у тыле. Як бы надалей ні склаліся абставіны, толькі сягоння Ляскоўскі павінен… Не, ён абавязаны асадзіць, нагнаць страху на дэспата і… зацугляць. Інакш Маляўка з задавальненнем накіне аброць на яго, што некалькі хвілін таму ўжо спрабаваў зрабіць.
– У шматлікіх скаргах, – чаканячы кожнае слова, гнеўна прамовіў Ляскоўскі, – чорным па белым напісана, што распраўляліся з людзьмі па тваім указанні, падлеткаў хвасталі плёткамі за нікчэмныя правіннасці таксама па тваім загадзе. Няўжо не ведаеш, што за дзетак – маткі, за матак – таткі?.. А таткі з-за тваёй крыважэрнасці могуць узяцца за зброю… – Ляскоўскі торкнуў паперу Маляўку пад нос, узвёў курок пісталета, яго халодныя прыжмураныя вочы не прадвяшчалі нічога добрага. – Дастаткова аднаго стрэлу, – гнеўна, скрозь зубы працадзіў ён, – і больш ніякіх праблем ні ў цябе, ні ў мяне… Людзі толькі дзякуй скажуць савецкай справядлівай уладзе, і чуткі знікнуць пра нейкіх там «зялёных», якія быццам бы збіраюцца нам помсціць. У гэтых скаргах, – старшыня пляснуў далонню па раскіданых па стальніцы паперах, – смерць без суда і следства. Твая, Маляўка, смерць!.. І зарубі на сваім прышчавым носе: з гэтай хвіліны толькі я вырашаю, колькі табе засталося жыць. Цяпер уцяміў, каго трэба баяцца, чые загады выконваць?
– Так, таварыш Ляскоускі, на ўсё жыццё запомніў, – зашлёпаў парэпанымі дрыготкімі вуснамі Маляўка, і на яго круглыя пацучыныя вочы нагарнуліся слёзы.
– Калі запомніў, не затрымліваю, можаш гнаць коней у сваю… – зрабіў шматзначную паузу, дадаў: – Пакуль што… у тваю Шаркаўшчыну.
Маляўка на ватных, непаслухмяных нагах паволі выходзіў з кабінета, у прачыненых дзвярах усё ж прыпыніўся, нясмела запытаўся:
– Таварыш Ляскоўскі, які адказ атрымалі людзі на свае скаргі?
– З кім працаваць, калі ў маім павеце кожнага чалавека,
надзеленага ўладай, трэба выганяць з працы? – пытаннем на пытанне адказаў старшыня выканкама, трошкі падумаў і дадаў: – Працуй спакойна, – зноў зрабіў паўзу і з халоднай здзеклівай іроніяй завяршыў: – Пакуль што працуй і ведай, што незадаволеным адказваю строга, так, як вырашылі дзісенскія камуністы, як таго патрабуе грозны рэвалюцыйны час. Ніхто не мае права пісаць скаргі на камуністау і прадстаўнікоў савецкай улады, калі вораг грукае ў дзверы.
Ляскоускі занадта прачула прамовіў гэтыя ўзнёслыя словы, убачыў павесялелыя вочы шаркаўшчынскага дэспата, спахапіўся:
– Ты на што гэта, прахвост, сваім пошлым смяшком намякаеш?
– Ні на што, толькі згадаў тую самую дойную кароўку.
1919 г.
Сёмага красавіка,
панядзелак (раніца)
Бацюшка Канстанцін прачнуўся ад болю ў правым баку і нечаканай пранізлівай цішыні. Цяжка прыўстаў, зірнуў у столь, спадзеючыся ўбачыць на ей пісягі ранішняй шэрані, што заўсёды прабівалася праз аконныя тоўстыя краты, але халодная гулкая цемра сягоння быццам праглынула звычайна бурнае турэмнае начное жыццё, напоўненае катаваннямі, крыкамі, стогнамі, мальбой аб літасці… Не чуўся шоргат цяжкіх ботаў наглядчыкаў ад камеры да камеры, не бразгаталі засаўкі на дзвярах, нікога не валачылі з допытаў, не скрэблі абцасы па гулкай драўлянай калідорнай падлозе.
– Прасвятая Дзева Марыя! У святы дзень Твайго Благавешчання малі Сына Твайго, Бога нашага Ісуса Хрыста, аб міласці да людзей тваіх, – прашаптаў іерэй, перахрысціўся, прачытаў малітву «Дастойная есць» і адразу адчуў палёгку і ў душы, і ў целе.
Думкі прасвятлелі, згадалася штогадовая святочная служба на Прачыстую ў новай, нядаўна асвечанай царкве. Прыгадаў, якой радасцю свяціліся вочы людзей, калі ён, адчуваючы за спінай усхваляванае дыханне будаўнікоў, прыладжваў на падлозе апошнія рады будаўнічай пліткі, для большасці прыхаджан – матэрыял нябачаны, загадкавы і ад гэтага няпэўны ў надзейнасці. Меркаванні знаных мясцовых будаўнікоў наконт трываласці маленькай тонкай бліскучай пліткі, прывезенай ажно з Масквы, гучалі пастаянна, і чамусьці цяпер тыя хвалюючыя хвіліны вынырнулі з далёкіх куточкаў разбуджанай успамінамі памяці, ласкава ахінулі, як прыгалубілі душу ціхамірнасцю і спакоем.
– Бацюшка, пэўна, нам давядзецца круглы год у валёнках у царкву хадзіць, каб не драпаць і не пэцкаць ботамі гэткую прыгажосць? – ці то пытаўся, ці то сцвярджаў Ілля Лазовік з фальварка Пялікі.
– Людзі ў Маскве абвыкліся, і мы прыладзімся, – басіў у адказ Васіль Ардынцаў з Альхоўцаў. – У Белакаменнай вуліцы брукаваныя… – падумаў, цяжка ўздыхнуў, абвёў прысутных здзіўленым позіркам, неўпапад запытаўся: – Мужыкі, гэта ж колькі падэшваў за свой век саскрабе чалавек аб тое сталічнае каменне?
– У гарадах цяперака шпацыруюць у ботах з галёшамі, – падаў голас Сямён Знорка з Навасёлак.
– Вядома, галёшы дзешавейшыя, – прыцмокнуў языком Мацвей Тарарака з Ручая, – але ж гэты абутак не для нашых мясцін.
– Паглядзець бы на іх у шаркаўшчынскую бездараж, – гулкім рэхам рагатнуў Лявонцій Латышонак з Багоў. – Крок-другі зробіш – і галёшы тыя назаўсёды сканаюць у гліне.
Бацюшка Канстанцін, чуючы Лявонція, штораз здзіўляўся, як у гэтага шчуплага, невысокага чалавека мог аказацца аглушальны бас, трывожны і велічны. Неяк угаварыў Латышонка трошкі падсобіць пеўчым у хоры, і на табе – неспадзеўка: голас у чалавека быў, а слыху аніякага, трубіў гучна і неўпапад, нават званы, што былі ў старой царкве, усе разам не маглі перабіць яго голасу.
– І ўсё ж, бацюшка Канстанцін, як прыходзіць у новую царкву? – дапытваўся Лазовік.
Гэтае простае, здавалася, па-дзіцячы разгубленае пытанне толькі сягоння, у турме, па-сапраўднаму ўзяло настаяцеля за жывое, ускалыхнула трапяткое пачуццё радасці, і ціхім шчымлівым цяплом адгукнулася душа, на вочы нагарнуліся слёзы. Ён заўсёды ведаў і памятаў, у якія цяжкія, амаль неадольныя сітуацыі траплялі будаўнікі ўсе пяць гадоў падчас узвядзення Свята-Успенскай царквы, цаніў самаадданасць святой справе, ніколі не чуў ад іх адмовы, незадаволенасці. Толькі адно гучала з вуснаў вяскоўцаў: «Добра, бацюшка, зробім… Бог дапаможа…»
Сягоння не пакідалі бацюшку тыя разгубленыя, шчымлівыя словы: «У чым хадзіць будзем па новай падлозе?»
Бацюшка ляжаў у камеры на абярэмку куслівага сена, якое паціху драбнела, ператваралася ў аднародную труху, і, што самае кепскае, гублялася цяпло, ад падлогі пачаў прабівацца раўнамерна-сыры холад. Думкі зноў і зноў вярталі ў Шаркаўшыну, у прыход, да людзей. Трывожна было на сэрцы, што ў той дзень не адразу ўцяміў мудрагелістасць пытання Лазовіка і адказаў зусім не тое, чаго чакалі ад яго людзі: «На ўваходзе паставім начоўкі з вадой, і кожны боты свае абмые», – прамовіў першае, што тады прыйшло ў галаву.
Сягоння ўзбуджаныя памяццю разважанні быццам напаміналі і адначасова падказвалі: не, не гэта хацелі пачуць ад мяне людзі… І зусім не пра боты пытаўся Лазовік, чалавек сціплы, негаваркі, з мазолістымі, учарнелымі ад працы рукамі.
Толькі ў сягонняшнія начныя турэмныя тужлівыя хвіліны бацюшка Канстанцін нарэшце ўцяміў, што Ілля Лазовік, згадваючы па-вясковаму простае, штодзённае і звычайнае «хадзіць у царкву чыстым», верагодней за ўсё думаў пра сваю адказнасць перад наступнікамі і, згадваючы чысціню, натуральны бляск шыкоўнай пліткі, па-свойму, як мог, выказваў таемную светлую мару аб будучым, хацеў, каб і ў нашчадкаў ад створанай дзядамі-прадзедамі прыгажосці з першага іх кроку па гэтай плітцы перахоплівала дух, жадаў, каб святая радасць напаўняла іх душы, каб думкі заўсёды былі пра Бога, Сям’ю, Радзіму… У тыя трапяткія хвіліны будаўнік прамовіў агульнае пажаданне, хацеў, каб менавіта ён, бацюшка, агучыў наказ будучым пакаленням шаркаўчан.
– Дарагі Ілля, – прашаптаў бацюшка Канстанцін, – хутка скончыцца насланнё. Мяне, невінаватага, адпусцяць, і на першай пропаведзі выпраўлю памылку, раскажу і табе асабіста, і ўсім шчырым вернікам, што зразумеў сэнс «чыстых» і «брудных» ботаў… Мяркую, маё супакаенне, у нейкі момант перарослае ў жаданне думаць, што ў Стара-Шаркаўшчыне з будаўніцтвам новай царквы вера людзей у Госпада нашага Ісуса Хрыста ўзнялася да гэткіх вышынь, што абавязковая дзесяціна больш не здавалася зняважлівым аброкам, не замінала жыццю. Малітоўны недагляд і стаў галоўнай прычынай турэмнага зняволення, якое Гасподзь мне папусціў… Цяпер ведаю, што за мірскімі справамі я недадаваў ежы духоўнай, не ўмацаваў у веры сваіх прыхаджан… Гасподзь бачыць усё… Ён праз турэмнае зняволенне даў магчымасць супакоіцца і азірнуцца, Ён спадобіў мяне ўспомніць дапушчаныя грахі і пакаяцца… Ён хоча, каб я выправіў дапушчаныя памылкі…
Так, менавіта пакаяцца і прасіць міласці ў Бога і ў людзей стала асноўным жаданнем бацюшкі Канстанціна, вельмі хацелася зрабіць гэта ў цяперашні святы дзень, і не ў турэмнай камеры. Ён добра памятаў, што ўсяго праз некалькі гадоў, няхай сабе няўдалых, акупацыйных, ваенных і безуладных, сярод тых, хто насіў яго на руках у дзень заканчэння будаўніцтва царквы, нечакана аказаліся і сягонняшнія прыхільнікі бязбожнай улады. Толькі цяпер мазольныя далоні не гушкалі свайго бацюшку ўгору, яны балюча вязалі рукі і цела, таўклі кулакамі, білі моцна, азвярэла.
Калі прыходзіла бяда, людзі спакон веку ядналіся вакол царквы, і Бог дапамагаў. Але гэтым разам нядобрая сіла пайшла іншым, самым што ні ёсць нікчэмным, подлым шляхам, яна замахнулася на веру, на святое і нечакана знайшла падтрымку. Быў час, калі бацюшка Канстанцін разважаў, вышукваў прычыны ў сабе, меркаваў, што нечым пакрыўдзіў шаркаўчан. Неяк наважыўся пайсці на сход камуністаў, арганізаваны Маляўкам, і пры ўсіх прасіў прабачэння за тое, што рабіў і не рабіў, лічыў, што з людзьмі заўсёды можна і трэба дагаворвацца, хацеў не дапусціць найгоршага. Ён быў больш чым упэўнены, што чуткі пра ўзброенае
супраціўленне здзеку Маляўкі і яго камуністаў з простага люду – да пары, яны не гатовыя пастаянна цярпець знявагу, адкрытае рабаванне, пабоі, турэмныя краты без суда і следства. У адказ пачуў вар’яцкі смех, брудную лаянку, здзек… Выйшаў з дзяржаўнай установы і на ганку «абтрос пыл» з ног… Толькі жаданае супакаенне не прыйшло, нешта падказвала, што ўзброеныя бязбожнікі ў сваіх кабінетах атабарыліся не на адзін дзень.
З вачэй бацюшкі Канстанціна цяклі нястрымныя ачышчальныя слёзы, у горле пяршыла. У гэты момант гучна неўспадзеў бразнулі засаўкі, у камеру ўваліўся Палікарп.
– Поп, з кім гутарку вядзеш? Ногі змерзлі, стоячы пад дзвярамі… Слухаю, а ты бубніш і бубніш… – сказаў і ў пацверджанне сваіх слоў паказаў босую нагу, п’яна ікнуў, дадаў: – Мо ўцёкі задумаў, дык са мной гэткі нумар не пройдзе… Я кантралюю сітуацыю… Вы ўсе ў маім кулаку, – зноў ікнуў, яго рэзка павяло ўправа, каб не ўпасці, усё ж паспеў ухапіцца рукамі за насцеж расчыненыя дзверы.